Агляд тыдня з Севярынам Квяткоўскім
Аўтарскае бачанне асноўных падзеяў і тэндэнцый прамінулага тыдня.
__________
З тэндэнцый пакуль застаецца незразумеласць прысутнасці наймітаў з расейскай па дакументах прыватнай, а дэ-факта дзяржаўнай, вайсковай кампаніі «Вагнер».
Прафесійныя бандыты Прыгожына ў аб’ектывах лукашэнкаўскіх прапагандыстаў то навучаюць тэрабаронцаў, то дзеляцца досведам з байцамі сілаў спецыяльных аперацый. Нам агучваюць то 2000, то 10000 «вагнераўцаў», якія чакаюцца на зямлі Беларусі.
Вучэнні ладзяцца ў тым ліку побач з Польшчай, але польскае Міністэрства абароны заяўляе, што пагрозы не бачыць. І тут можна смела верыць, бо польскае войска самае моцнае ў кантынентальнай Еўропе. І яно не само па сабе, а частка NATO.
Таму спектр версіяў для чаго «вагнераўцы» з’явіліся пад крылом Лукашэнкі маюць досыць вялікі дыяпазон. Назаву асноўныя тэзісы.
Хтосьці мяркуе, што Лукашэнка ў такі спосаб дапамагае Пуціну захаваць добры твар пры кепскай гульні, і выводзіць з Расеі на тэрыторыю Беларусі «вагнераўцаў», каб Пуціну не давялося іх публічна караць. Бо «вагнераўцы» вельмі папулярныя сярод расейцаў.
Хтосьці мяркуе, што з дапамогай «вагнераўцаў» рыхтуецца правакацыя супраць NATO. Бо фармальна Пуцін іхная ахвяра, а Лукашэнка наўпрост да іх не мае дачынення: засылай у Літву як дыверсантаў, а там паглядзім.
І трэцяя з асноўных версія ў тым, што Лукашэнка падчас мяцяжу «вагнераўцаў» на чале са сваім кіраўніком Яўгенам Прыгожыным не вельмі лаяльна выступіў на адрас Пуціна. Што замітусіўся ў прадчуванні зрынання Пуціна з трону, і таму цяпер Лукашэнка замольвае грахі.
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што «вагнераўцы» наёмнікі. У іх толькі адзін ідэал – грошы. Хто сказаў, што яны не збяруцца ў Менску на заказ тых, хто больш заплаціць?
__________
З добрых навінаў трэба згадаць пра тое, што 21 ліпеня на волю выйшаў Леанід Судаленка. Гэта вядомы беларускі праваабаронца з Гомлю. Яго затрымалі ў студзені 2021 году, і вось ён на свабодзе. Хоць пакуль Леанід на тэрыторыі, падкантрольнай Лукашэнку, я б не сказаў, што ён у поўнай бяспецы.
Напрыклад, 11 ліпеня мусіў выйсці на свабоду грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч, але на яго завялі новую крымінальную справу. Падобных выпадкаў мноства. Бывае, што чалавека садзяць на суткі, а пасля ён ужо бачыць перад сабой перавод у следчы ізалятар па крымінальнай справе. Ці выходзіць з сутак, і яго адразу затрымліваюць. Ці праз пэўны час. Тэрор у Беларусі ідзе як каток і нібы сам па сабе. А насамрэч – у ручным рэжыме.
Таксама 21 ліпеня на свабоду выйшла Вольга Ялцэвіч, юрыстка з Докшыцаў, якая дапамагала аплочваць штрафы рэпрэсаваным беларусам. Паводле «Радыё Свабода», «палітзняволеную неаднойчы замяшчалі ў карцар, а таксама ў падвал, тэрмінам больш за 50 дзён. У знак пратэсту супраць парушэння яе правоў і невыносных умоваў утрымання Воля не раз трымала галадоўку.
__________
На мінулым тыдні працягваўся судовы працэс над грамадскім актывістам, кіраўніком гарадзенскага «Цэнтру гарадскога жыцця» і журналістам Паўлам Мажэйкам, якому карнікі інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Разам з Паўлам судзяць Юлію Юргілевіч. Цытую паводле праваабарончага цэнтру «Вясна»: Юлія Юргілевіч – адвакатка, якая абараняла шматлікіх палітвязняў і якая была ў лютым 2022 года пазбаўлена ліцэнзіі. Яна была затрымана напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Юлію вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
І Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч пракурор прапануе правесці за кратамі па шэсць гадоў кожнаму.
Традыцыйна пракурор і суддзя імітуюць вяршэнства юстыцыі, што ў перакладзе з лацінскай мовы значыць «справядлівасць».
Вядома, што быць беларусам і грамадзянінам у антыбеларускай і анты грамадзянскай сістэме ёсць «экстрэмізмам».
__________
Памятаем, што за кратамі ў Беларусі не менш за пяць тысяч «палітычных», з якіх толькі тысяча з лішкам міжнародна прызнаныя. Памятаем пра сем’і палітычных, дзе часта няма за што жыць праз пераслед сваякоў асуджаных.
Дапамагаем як можам суайчыннікам якія выжываюць і змагаюцца.
Слава ЗСУ! Жыве Беларусь!