Агнешка Рамашэўска-Гузы: «Мяне здзіўляе незгінальнасць МЗС»



Міністэрства Замежных Справаў Польшчы скасавала дамову пра фінансаванне «Белсату». Пра гэта напісаў дзяржасакратар польскага МЗС Марэк Зюлкоўскі ў артыкуле газеты «Rzeczpospolita».

Ці гэта азначае спыненне працы тэлеканала? Зусім не, гаворыць дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы. Дамова пра фінансаванне сапраўды была скасаваная, але яна не датычыць дзейнасці ў гэтым годзе.

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Гэта не азначае, што канал спыніць сваю дзейнасць. «Белсат» фінансаваўся на падставе дамовы паміж Польскай тэлевізіяй і Міністэрствам замежных спраў Польшчы з красавіка 2007 года. Менавіта пра скасаванне гэтай дамовы ў аднабаковым парадку паведаміла Міністэрства замежных спраў Польшчы. Я ведаю пра гэта ўжо 2 тыдні, але не хацела ствараць непатрэбнай мітусні вакол гэтай справы, не агалошвала гэтага, лічачы, што мы пачакаем да моманту, калі дамовімся пра далейшыя варункі функцыянавання. Як я ўжо сказала, «Белсат» працуе і фінансуецца на падставе дамовы з 2007 года. Паведамленне пра скасаванне гэтай дамовы азначае, што з 2018 года ранейшае функцыянаванне «Белсата» спыніцца альбо зменіцца на нейкае іншае.  

РР: Сёлета ўсё застанецца без зменаў?

— Так. Сёлета ўсё застаецца без зменаў. Дамову можна скасаваць з паведамленнем не пазней чым за паўгода і наступствамі на канец каляндарнага года. То бок, скасаванай дамова лічыцца толькі з канцом года. З 2018 года трэба альбо вызначыць новая прынцыпы фінансавання «Белсату», альбо ліквідаваць яго, але ліквідацыя ці далейшае ўтрыманне залежыць ад добрай волі Польскай тэлевізіі, бо гэта частка польскай тэлевізіі, створаная яе праўленнем і прынятая Назіральнай радай. Таму словы спадара міністра Зюлкоўскага значаць толькі тое, што з 2018 года наша сітуацыя неяк зменіцца. Тое, што асабліва непакоіць мяне ў артыкуле, гэта націск на сыход «Белсата» са спадарожніка. Я перакананая, што «Белсат», як адзіны тэлеканал, якім кіруе краіна Еўразвязу, і які вяшчае на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, павінен захаваць спадарожнікавае вяшчання, а таксама захаваць форму тэлевізіі. Гэта вельмі важная, ключавая і прынцыповая справа. Таксама мяне непакоіць сцвярджэнне, што спадар міністр прадугледжвае размовы з беларускім калектывам тэлеканала «Белсат», бо я не беларуска і тут паўстае пытанне, ці са мной ён будзе размаўляць ці не. Крыху дзіўная фармулёўка ў дадзеным выпадку.

Аднак, усё гэта на бягучы момант няшмат мяняе ў нашым становішчы, мы надалей чакаем нейкіх дэкларацыяў адносна гэтага года, бо сёлета дамова яшчэ дзейная. Пытанне толькі ў тым, якім будзе памер датацыі МЗС, бо Польская тэлевізія знаходзіцца ў цяжкіх фінансавых варунках і гэта цяпер рэальнае пытанне.

РР: То бок пакуль невядома, якім будзе фінансаванне на 2017 год?

— Пакуль яшчэ невядома. Пакуль што Польская тэлевізія, нягледзячы на вельмі цяжкае фінансавае становішча, фінансуе нашы выдаткі, бо тэлеканал гэта такая ўстанова, якая павінна вяшчаць з месяца ў месяц, з тыдня ў тыдзень, таму тэлевізія папаўняе сродкі.

РР: Гэты артыкул у «Rzeczpospolita» аўтарства міністра Зюлкоўскага выклікаў перапалох у беларускай прэсе. Яшчэ месяц таму ў Беларусі, і ў Польшчы таксама, змагаліся за тое, каб «Белсат» жыў. Прайшла вядомая кампанія БелсатЖыві. І былі розныя дэкларацыі чыноўнікаў: міністр Вашчыкоўскі казаў, што гэта неэфектыўнае тэлебачанне, потым пані прэм’ер Бэата Шыдла казала, што «Белсат» будзе жыць і што ён уратаваны. Цяпер чарговая дэкларацыя, што не будзе гэтай дамовы. Ці хоча польскі ўрад увогуле працягваць існаванне «Белсата»? Якія ў іх намеры ў ва ўсіх гэтых дзеяннях?

— Я не прадстаўнік польскага ўраду і да канца не ведаю, якія тут намеры, але спадзяюся, што гэта пазітыўныя намеры, бо мне здаецца, што менавіта такімі былі намеры спадарыні прэм′ер, якія яна выказала ў часе размовы са мной. І спадзяюся, што такімі яны і застануцца. А вось тэкст спадара міністра Зюлкоўскага на мой погляд павінен быў з′явіцца ў снежні, бо ён абгрунтоўвае першапачатковую пазіцыю польскага МЗС, якая, як я бачу, у прынцыпе не мяняецца. Таму, як я і казала, адзін з вельмі непакоячых аспектаў гэта менавіта тое, што мы маем размаўляць, і мы сапраўды вядзем нейкія размовы, а ў той жа час пазіцыя міністэрства настолькі незгінальная, што я гэтага да канца не разумею.

РР: Да ўсіх дэкларацый варта таксама дадаць словы маршалка Сената, які казаў, што фінансаванне на гэты год павінна застацца на такім самым узроўні. Вось Вы казалі, што ведалі гэтую інфармацыю раней, то бок Вы не звязваеце гэтага артыкула з тым, што ў Варшаву прыехалі чальцы Палаты Прадстаўнікоў, бо цяжка іх назваць дэпутатамі. Яны сустракаліся з польскімі парламентарыямі, гэтае паседжанне не было адкрытым. Вы не звязваеце гэтых двух фактаў?

— Магчыма тут ёсць нейкая сувязь. Шчыра кажучы, мяне вельмі здзівіў такі раптоўны выступ польскага МЗС. Мне здавалася, што мы павінны спярша нешта вызначыць, а потым сказаць: «Так, мы скасоўваем старую дамову і вядзем перамовы адносна новай, якая будзе заключацца прыблізна ў тым і тым». Такім чынам мы не выклікалі б непатрэбнай занепакоенасці грамадскай думкі як у Беларусі так і ў Польшчы. Калі мы робім інакш, дык выклікаем паважную і абгрунтаваную занепакоенасць.   

Як адзначыла Агнешка Рамашэўска-Гузы, «Белсат» будзе працягваць сваю працу ў звычайных умовах, а скасаванне дамовы датычыць фінансавання на 2018 год. Тым ні менш, польскае МЗС дагэтуль не вызначыла сродкаў на дзейнасць тэлеканала сёлета.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя