Агнешка Рамашэўская-Гузы: Нічога не даецца назаўсёды



30-годдзе першых часткова свабодных выбараў у Польшчы.

4 чэрвеня 1989 году ў Польскай Народнай Рэспубліцы прайшлі выбары, якія сталі “пачаткам канца” камуністычнай улады. Паводле дамоўленасцяў Круглага стала выбары ў Сенат праходзілі свабодна, і апазіцыя ўзяла там 99 мандатаў, а выбары ў Сейм праходзілі ў суадносінах 65 працэнтаў мандатаў для камуністаў і 35 працэнтаў для апазіцыі. Прадстаўнікі прафсаюзу “Салідарнасць” на чале з Лехам Валенсам узялі большасць вылучаных месцаў.

Дырэктарка спадарожнікавага тэлеканала „Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы ў 80-ыя гады была ўдзельніцай незалежнага студэнцкага руху ў Варшаве, а дзень выбараў сустрэла ў ЗША:

– Галасавала ў Нью-Ёрку, бо з’ехала яшчэ ў 1987 годзе. Тады здавалася, што Савецкі Саюз ніколі не скончыцца, што гэта будзе да канца свету. Калі чалавек хоча, то можа нешта змяніць, напрыклад, з’ехаць. Гэта да канца жыцця мяне навучыла, што няма нічога вечнага, бо надышло 4 чэрвеня.

На думку Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, новае пакаленне, якое нарадзілася пасля выбараў-89, не заўсёды памятае тыя знамянальныя падзеі:

– Думаю, што яны слаба ўсведамляюць, якой вялізнай была гэта змена. Я б хацела, каб яны пра гэта памяталі. Думаю, што важна памятаць, што нічога не даецца назаўсёды. Дэмакратыя – гэта захапляльна, цікава. Тады мы мелі свядомасць, што ўсё залежыць ад нас.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Чэрвеньскія выбары 1989 году паказалі паразу камуністычнай улады. Першым некамуністычным прэм’ер-міністрам Польшчы пасля 1945 году стаў Тадэвуш Мазавецкі, а генерал Войцех Ярузельскі, паводле дамоўленасцяў Круглага стала, заняў пасаду прэзідэнта, хоць не надоўга.

Польскі прыклад стаў пачаткам „Восені народаў” у Еўропе, бо следам пайшлі іншыя краіны камуністычнага блоку.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя