АГП абвясціла аб зборы подпісаў супраць фальсіфікацыі выбараў
Аб`яднаная грамадзянская партыя (АГП) пачынае збор подпісаў супраць фальсіфікацыі выбараў.
У петыцыі, падрыхтаванай АГП, заяўлена „аб непрызнанні вынікаў мясцовай выбарчай кампаніі”, а таксама аб нелегітымнасці мясцовых саветаў, сфарміраваных „з прызначаных дэпутатаў”. „Маштаб фальсіфікацый і цынізм, з якім яны рэалізоўваліся, прыніжальны і непрымальны. Народ Беларусі пазбавілі асноўнага права, прадугледжанага Канстытуцыяй, — выбіраць і быць абраным”, — адзначаецца ў петыцыі.
АГП патрабуе ад суб`ектаў, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы, унесці ў Выбарчы кодэкс змены і дапаўненні, якія гарантуюць правядзенне свабодных і сумленных выбараў.
Тэкст петыцыі размешчаны па электронным адрасе: goo.gl/forms/KTrULbyqvFKdZSAA2.
У мясцовых выбарах, якія прайшлі 18 лютага, удзельнічаў 71 актывіст АГП, ні адзін з іх не быў абраны дэпутатам. У партыі заяўляюць аб фальсіфікацыі вынікаў кампаніі, у тым ліку аб выкарыстанні ўладамі механізму выбарчых „каруселяў”. БелаПАН