АГП адрэагуе на зварот Таццяны Караткевіч



Аб’яднаная грамадзянская партыя абавязкова адрэагуе на зварот лідара грамадскай ініцыятывы „Гавары праўду” Таццяны Караткевіч, – сказаў старшыня гэтай партыі Анатоль Лябедзька. Як вядома, былая кандыдатка ў Палату прадстаўнікоў Таццяна Караткевіч перадала кіраўніцтву АГП факты аб фальсіфікацыях у выбарчай акрузе, па якой балатавалася як сама Караткевіч, так і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. У „палатку” у выніку прайшла кандыдатка ад АГП.

Па словах Анатоля Лябедзькі, крыху здзіўляе, што сама Караткевіч адразу не абскардзіла вынікі выбараў. Праз 10 дзён шмат чаго ужо і нельга зрабіць:

– Напрыклад, ужо нельга падаць скаргу ў ЦВК. Застаецца толькі пракуратура. Ганна Канапацкая сказала, што гатовая прымаць удзел у змаганні з фальсіфікацыямі на ўсіх выбарчых акругах. Я думаю, як мініму гэта будзе перададзена з суправаджальным пісьмом у пракуратуру ці Следчы камітэт.

А самае лепшае, што можна зрабіць у супрацьдзеянні фальсіфікацыям, –  гэта наша агульнае меркаванне з Ганнай Канапацкай, – падрыхтаваць і перадаць на разгляд у Палату прадстаўнікоў праект закона аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. І гэта абавязкова будзе зроблена, – сказаў Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info