АГП хоча правесці свой марш паралельна з прадпрымальнікамі



Аб’яднаная грамадзянская партыя падала ў Менгарвыканкам заяўку на „Сацыяльны марш за годнае жыццё”. Правесці яго плануецца 14 сакавіка ў Менску.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, час і месца збору, а таксама маршрут шэсця цалкам супадаюць з часам і месцам правядзення маршу прадпрымальнікаў. Ён таксама запланаваны на 14 сакавіка, піша „Еўрарадыё„.

Заяўку на марш прадпрымальнікаў на мінулым тыдні падалі экс-палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Шэсце плануецца правесці з 13-й да 16-й гадзіны ад Акадэміі навук па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да парку Дружбы Народаў.

Лябедзька паведаміў, што АГП не плануе праводзіць мітынг на плошчы Бангалор. Правядзенне двух маршаў у адзін час апазіцыйны палітык растлумачыў неабходнасцю кансалідаваць грамадства і аб’яднаць як мага шырэйшыя слаі.

Шумчанка ў каментары агенцтву БелаПАН адзначыў, што Лябедзька не звяртаўся да іх са Статкевічам з прапановай аб’яднаць дзве акцыі.