АГП не будзе агітаваць за іншых кандыдатаў у прэзідэнты



Аб’яднаная грамадзянская партыя ў выпадку, калі ініцыятыўная група яе кіраўніка Анатоля Лябедзькі не будзе зарэгістраваная для ўдзелу ў выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, працягне агітацыю за сваю праграму.

Працаваць падчас гэтай кампаніі на іншых прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сілаў партыя не будзе.

Па словах намеснка старшыні АГП Льва Марголіна, гэта немагчыма з-за рознасці праграм, якія ўжо агучаныя магчымымі прэтэндэнтамі:

– Як Вы сабе гэта практычна ўяўляеце? Што сябры Аб’яднанай Грамадзянскай партыі будуць хадзіць і гаварыць: “Галасуйце за Караткеіч”? Ведаючы, што выбараў у краіне нямя, наша мэта – падтрымайце нашу праграму, дамагайцеся свабодных выбараў. Я не выключаю, што Анатоль Лябедзька скажа ў сваёй прамове: “Нашых прадстаўнікоў не ўключылі ў камісіі, не давалі праводзіць агітацыю”. 

“І Лябедзька здыме сваю кандыдатуру, заклікаўшы грамадзянаў на такія выбары не хадзіць. Гэты сцэнар таксама верагодны. Таму для партыі важна мець свабодныя рукі, не звязваць сябе абавязацельствамі і рабіць тое, што будзе патрабаваць сітуацыя, – сказаў Леў Марголін.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя