АГП падвяла вынікі прэзідэнцкай кампаніі



Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі падвяла вынікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Таксама  абмеркаваны планы працы на будучы год.

Па словах старшыні партыі Анатоля Лябедзькі, адбылася гарачая і эмацыйная дыскусія. Асабліва вакол таго, што партыя не здолела сабраць 100 тысяч галасоў, патрэбных для вылучэння свайго кіраўніка кандыдатам у прэзідэнты.

– Па выніках галоўны дакумент быў прыняты ўсімі, за выключэннем аднаго, які ўстрымаўся. Мы не ставілі нейкую мэту ці задачу сабраць 100 тысяч подпісаў, для нас гэта быў выключна механізм. Таму мы ацанілі, што тая стратэгія, якая была абрана АГП апошнім часам, скіравана на вырашэнне канкрэтных задач. А  падчас прэзідэнцкай кампаніі гэта было: прасоўванне пазітыўнай альтэрнатывы, праграма мільёна працоўных месцаў, павелічэнне колькасці ўдзельнікаў палітычнага працэсу, збор доказаў, што няма сумленных і свабодных выбараў.

Таму ён ацэньвае сваю дзейнасць як спікера падчас выбарчай кампаніі на 4, а як кіраўніка партыі – на 3. „Насамрэч, можна было б многія пытанні па арганізацыі дзейнасці АГП як структуры вырашаць больш эфектыўна і прадуктыўна,” – самакрытычна заўважыў Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск