АГП правяла ў Менску публічную дыскусію



Аб’яднаная грамадзянская партыя арганізавала ў Менску публічную дыскусію на тэму „Выбары як умова пазітыўных зменаў”.

Фота: facebook.com/volha.kavalkova

У ёй удзельнічалі прадстаўнікі розных палітычных партый і арганізацый, эксперты, дэпутаты з Украіны і Літвы. Аднак у беларускім Цэнтрвыбаркаме і Палаце прадстаўнікоў запрашэнне паўдзельнічаць у дыскусіі не прынялі.

Сябра АГП і адзіны дэпутат парламента Ганна Канапацкая, якая ўдзельнічала ў дыскусіі, выказала шкадаванне, што яе калегі з парламента адмовіліся ўзяць удзел:

– Я запрашала і сваіх калег-дэпутатаў, але на жаль яны спаслаліся на занятасць. Насамрэч яны працуюць у акругах, я веру, што ў іх вельмі шмат пытанняў і праблем. Але выбарчае заканадаўства таксама датычыць нашых выбаршчыкаў – 7 мільёнаў людзей, якія нас выбралі, якія ўсклалі на нас адказнасць за тыя падзеі, якія адбываюцца сёння ў краіне. Беларускаму грамадству як ніколі патрэбныя змены, і гэтыя змены могуць адбыцца мірным шляхам, трэба толькі змяніць выбарчае заканадаўства.

Аднак Ганна Канапацкая заверыла, што абавязкова азнаёміць і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Цэнтрвыбаркама з вынікамі і рэкамендацыямі гэтага абмеркавання.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск