АГП – за адзінага кандыдата на чарговых прэзідэнцкіх выбарах



Аб’яднаная грамадзянская партыя у 2018 годзе будзе працаваць над выхадам на адзінага кандыдата на чарговых прэзідэнцкіх выбарах, заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 4 студзеня падчас анлайн-канферэнцыі.

„Мы працуем над выхадам на адзінага кандыдата як мінімум ад правацэнтрысцкай кааліцыі (у яе ўваходзяць АГП, рух” За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”). Але ён не абавязкова павінен быць у партыі АГП. Мы тут гатовы да кампрамісаў. Галоўнае, каб была моцная альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку і палітыцы, якую ён праводзіць”, — сказаў Лябедзька.

АГП, паводле яго слоў, з’яўляецца прыхільнікам праймерыз пры вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты. „У 2018 годзе мы павінны выпрацаваць працэдуру і магчымасць запусціць яе. Чым больш людзей будзе ўцягнутая ў яе, тым лепш”, — лічыць палітык.

На найбліжэйшыя месяцы, адзначыў Лябедзька, для АГП з’яўляецца актуальнай кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле яго слоў, партыя мае намер даць „свядомы бой гэтым нахабнікам і хапугам” на асобных акругах.

18 лютага гэтага года адбудуцца мясцовыя выбары. Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года, выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня 2020 года. У сувязі з гэтым адна з выбарчых кампаній можа быць аб’яўленая раней.

belapan.by