АГП заклікала ўлады вярнуцца ў прававое поле і спыніць пераслед
На фоне затрымання сваіх актывістаў Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) выступіла з заявай і заклікала ўлады вярнуцца ў прававое поле і спыніць пераслед людзей за іх пазіцыю.
„Рэжым апынуўся як у знешняй, так і ва ўнутранай ізаляцыі, і асноўны інструмент, які дазваляе захаваць ілюзію яго ўлады, — гэта гвалт, — гаворыцца ў заяве палітрады АГП, тэкст якой паступіў у БелаПАН. — Схопленыя Анатоль Лябедзька (экс-лідар АГП), Уладзімір Шанцаў (лідар Магілёўскай абласной арганізацыі АГП), фабрыкуецца адміністрацыйная справа на Мікалая Уласевіча (лідар Гродзенскай абласной арганізацыі АГП)”.
У партыі нагадалі, што да пазбаўлення волі прыгавораныя намеснік старшыні Аляксандр Кабанаў і член нацыянальнага камітэта АГП Уладзімір Няпомняшчых, пад вартай у межах крымінальных спраў знаходзяцца члены палітрады Леанід Судаленка і Сяргей Альшэўскі. У дачыненні да старшыні АГП Мікалая Казлова „працягваецца „расследаванне” палітычна матываванай крымінальнай справы”. Многія актывісты „адседзелі адміністрацыйныя арышты, атрымалі непад’ёмныя штрафы”.
„Замест вяршэнства права дзейнічае абвешчаны прынцып: „Бываюць часы, калі не да закона”, — гаворыцца ў заяве. — Няма ні спаборнасці працэсу, ні незалежнасці суддзяў. Суддзі наўмысна заплюшчваюць вочы на відавочную абсурднасць абвінавачанняў, грэбуючы доказамі абароны, прымаюць несправядлівыя рашэнні, тым самым заахвочваюць бязмежжа і працяг рэпрэсій. На такім хісткім фундаменце, як гвалт і тыранія (ігнараванне законаў), ні адзін рэжым доўга не пратрымаецца”.
„Мы патрабуем, каб супрацоўнікі сілавых структур спынілі злачынную практыку адвольных затрыманняў, фабрыкавання палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў. Мы заклікаем суддзяў і супрацоўнікаў сілавых структур вярнуцца ў прававое поле, спыніць бессэнсоўную барацьбу з нацыянальнымі сімваламі Беларусі і пераслед людзей за выказванне іх грамадзянскай пазіцыі”, — заявілі ў АГП.
Анатоль Лябедзька быў затрыманы 15 мая ля мінскага Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс па „справе студэнтаў”.
Уладзіміра Шанцава затрымалі 13 мая на працы, на наступны дзень яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула аб парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.
6 мая ў дачыненні да Мікалая Уласевіча склалі адміністрацыйны пратакол за бел-чырвона-белы сцяг у акне альтанкі на яго прыватным падворку. У яго канфіскавалі сімволіку, а таксама манітор камп’ютара.
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 14 красавіка прыгаварыў блогера Аляксандра Кабанава да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК), і абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК).
Суд Савецкага раёна Гомеля ў закрытым рэжыме ў будынку СІЗА № 3 прыгаварыў пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых да двух з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму паводле абвінавачання ў пагрозе гвалту (артыкул 366 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК).
Праваабаронца Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца ў гомельскім СІЗА № 3, яго абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (масавыя беспарадкі).
Фігуранта „справы „Прэс-клуба” Сяргея Альшэўскага абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Пад вартай ён знаходзіцца з 22 снежня 2020 года.
У дачыненні да Мікалая Казлова распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса (выдаванне звестак дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння). Ён на волі.