АГП запатрабавала ад ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) запатрабавала ад Цэнтрвыбаркама вынесці папярэджанне Аляксандру Лукашэнку, які балатуецца на шосты тэрмін, «за арганізацыю правакацый» і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Пра гэта гаворыцца ў заяве палітсавета партыі, якая паступіла ў БелаПАН.
«29 мая падчас выступлення на трактарным заводзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка апісаў сцэнарый, паводле якога праз некалькі гадзін была арганізаваная правакацыя супраць членаў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Гародні», – сцвярджаецца ў заяве.
Цэнтрвыбаркаму, на іх думку, належыць абвясціць Лукашэнку папярэджанне за «выкарыстанне службовых паўнамоцтваў у працоўны час у мэтах перадвыбарнай агітацыі, прыкладам якой было яго выступленне на трактарным заводзе», а таксама «за арганізацыю правакацый супраць членаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай». На падставе гэтага ЦВК павінна «адмовіць А.Лукашэнку ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты».
Беларускае Радыё Рацыя