Агучаны афіцыйныя вынікі галасавання ў Гародні



А ў Гародні абласная камісія зацвердзіла вынікі галасавання за кандыдатаў у прэзідэнты краіны. За выніковы пратакол прагаласавалі ўсе „саўдзельнікі” камісіі. Старшыня камісіі, сумнавядомы кіраўнік выбарчага „таталізатару” вобласці цягам многіх гадоў – Уладзімір Хлябіч абвясціў, што большасць, а гэта 70%, прагаласавалі за Лукашэнку. За яго галоўнага апанента – Ціханоўскую – трохі больш за 12% выбарцаў.

Кажа з Гародні назіральнік Раман Юргель:

– За Ціханоўскую прагаласавала больш за 93 тысячы выбарцаў, за Лукашэнку – больш за 532 тысячы. Супраць усіх – 23 614. Датэрмінова – 285 025. На даму – 54 239. І ў асноўны дзень – 332 106 выбарцаў.

Традыцыйна, такія фармальныя паседжанні праходзяць вельмі хутка, за 10 хвілінаў. Заўвагаў не разглядалі. Але – настрой сяброў камісіі  быў „невясёлы” – заўважыў Раман Юргель:

– Асобых меркаванняў не было. Давераных асоб кандыдатаў таксама не было. Дзіўная рэч адбылася, нашай назіральніцы, акрэдытаванай у Кастрычніцкай раённай камісіі, не далі азнаёміцца з выніковым пратаколам. Яна прысутнічала, калі ўначы прыносілі пратакол, прысутнічала на паседжанні, дзе пратакол яшчэ не быў падпісаны. Але сёння забараніў старшыня камсіі, ён жа кіраўнік справамі Гарадзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін, паказваць выніковы  пратакол.

Гэта звязана імаверна з тым, што звесткі за ноч 9-га жніўня і дзень 12 -га жніўня могуць істотна разыходзіцца. У кожным выпадку, паколькі незалежныя назіральнікі не былі дапушчаны да падліку галасоў, такую электаральную кампанію аніяк не магчыма прызнаць за сапраўдную.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня