Агучаныя прозвішчы расейцаў, якія чынілі злачынствы ў Бучы



Сталі вядомыя імёны 10 расейскіх вайскоўцаў, якія падазраюцца ў датычнасці да зверстваў у Бучы пад Кіевам. Іх агучыла Генпракурор Украіны Ірына Венедыктава.

Гэта – Вячаслаў Лаўрэнцьеў, Рыгор Нарышкін, Васіль Князеў, Сямён Мальцаў, Сяргей Пескароў, Альберт Раднаеў, Міхаіл Кашын, Андрэй Бізяеў, Дзмітрый Сергіенка і Мікіта Акімаў (іх званні – ад радавога да сяржанта). Апублікаваныя іх фота. Усе яны служылі ў 64-й расейскай асобнай мотастралковай брыгадзе. Бучанская акруговая пракуратура завочна зрабіла расейцаў падазраванымі па крымінальнай справе, распачатай па факце «жорсткага абыходжання з цывільным насельніцтвам і іншых парушэннях законаў і звычаяў вайны».

Пасля вызвалення Бучы ўкраінскімі войскамі працяглы час на месцы працавалі праваахоўнікі, якія займаліся эксгумацыяй брацкіх і адзіночных магіл. Былі знойдзены сотні целаў мірных жыхароў Бучы з прыкметамі агнястрэльных раненняў.