Айцішнікі супраць Цэнтрвыбаркама: хто каго?



Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў, ці змогуць айцішнікі прыдумаць такое тэхнічнае рашэнне, якое дапаможа пазбегнуць фальсіфікацый падчас выбараў.

Днямі айцішнікі з розных краін абмяркоўвалі, як распрацаваць ІТ-інструменты, якія б ўскладнілі фальсіфікацыі на выбарах. Ці магчыма гэта ва ўмовах той сістэмы падліку галасоў, якая існуе ў Беларусі?

Аляксей Янукевіч: Сістэма правядзення выбараў, якая выбудавана ў Беларусі, безумоўна, скіравана на тое, каб выключаць любыя магчымасці для грамадства кантраляваць падлік галасоў, а значыцца і праводзіць празрыстыя выбары.

Таму не думаю, што айцішнікі вынайдуць нейкія рэвалюцыйныя распрацоўкі, але ў любым выпадку гэта добрая ініцыятыва. Яна не дапаможа кантраляваць ход выбараў, але заангажуе і мабілізуе грамадства ў працэс назірання. І гэта таксама будзе станоўчым вынікам.

РР: Але які з гэтага эфект, калі празрыстасці ў выбарчым працэсе ўсё роўна не будзе?

Аляксей Янукевіч: Тэхнічныя тэхналогіі і не гарантуюць празрыстасць самога працэса, а выбары ў Беларусі не з’яўляюцца інструментам змены ўлады. Любыя спробы перайграць іх на гэтым полі з пункту гледжання законаў выніку мець не будуць.

Тое, што можа даць вынік, гэта актывізацыя людзей і фіксацыя тых абуральных парушэнняў, якія сапраўды могуць уздзейнічаць на шырокае кола грамадства. У тым ліку, і на тых, хто знаходзіцца ўнутры ўлады.

Я не бачу магчымасцей на гэтых выбарах для нейкіх цудаў ці прарываў, але любая грамадзянская актыўнасць у любым выпадку на карысць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя