Ахвотных атрымаць карту паляка не становіцца менш
Колькасць заявак на Гарадзеншчыне на атрыманне карты паляка не змяншаецца.
Як паведаміў нашаму радыё генеральны консул Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжэк вялікая колькасць заяваў сведчыць пра тое, што шмат гарадзенцаў маюць сувязі з культурай, традыцыяй Польшчы.
— Такіх асобаў даволі шмат, і мы не ўнікаем у матывы гэтых дзеянняў, бо законам не прадугледжана псіхалагічнага разгляду ці следчых дзеянняў. Але сапраўды на Гарадзеншчыне ёсць вялікая зацікаўленасць картай паляка і яна не змяншаецца. У сувязі з гэтым мы, у рамках нашых магчымасцяў, стараемся ісці насустрач такому запатрабаванню.
На думку дыпламата, малы памежны рух з польскага боку мае зялёнае святло, бо ён паспрыяе паляпшэнню кантактаў паміж людзьмі памежжа, але трэба таксама ўлічваць І непадрыхтаванасць да гэтага адпаведнай памежнай інфраструктуры з беларускага боку:
— Трэба спрабаваць, бо справа надзвычай цікавая. У практыцы няма іншай магчымасці ўвядзення своеасаблівага бязвізавага руху з нашага боку як толькі малы памежны рух. Мы — частка большага абшару — зоны Шэнген. І гэтая прапанова з польскага боку была вельмі адкрытая і мела падтрымку.
З свайго боку, генеральнае консульства ў Гародні ў межах сваіх магчымасцей будзе працаваць у напрамку паляпшэння кантактаў паміж людзьмі. У прыватнасці консул Яраслаў Ксёнжэк засяродзіў працу генеральнага консульства ў Гародні на мяккай візавай палітыцы для беларускіх грамадзян.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня