Акрэдытацыя міжнародных назіральнікаў пачнецца ў верасні
Першая місія міжнародных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах у Беларусі будзе акрэдытаваная 4 верасня. Пра гэта 17 жніўня журналістам паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае тэлеканал „Беларусь 1”.
Паводле слоў Ярмошынай, гэта будзе місія Выканкама СНД. Запланаваная сустрэча кіраўніка ЦВК са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым, на якой будуць уручаны першыя пасведчанні.
Акрамя таго, як заявіла Ярмошына, у Міністэрства замежных спраў паступіла паведамленне аб жаданні прыбыць у краіну місіі па ацэнцы патрэбаў з боку БДІПЧ АБСЕ. Пакуль гэта тэхнічны персанал. Ад вынікаў іх працы будзе залежаць колькасць складу місіі ад АБСЕ на выбарах.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама 17 жніўня ў Менску ўдзельнічае ў форуме рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Белая Русь”, прысвечаным выбарам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. На мерапрыемства сабраліся каля 300 актывістаў грамадскага аб’яднання.
Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада 2019 года.
Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня на сустрэчы з Ярмошынай заявіў, што Беларусь не мае намеру, „каб дагадзіць камусьці”, запрашаць канкрэтных міжнародных назіральнікаў на выбарчыя кампаніі 2019—2020 гадоў, але і не будзе забараняць ім ўезд у краіну.
„Я не думаю, што нам трэба перад кімсьці прагінацца і кагосьці цягнуць у краіну, запрашаць на адны і другія выбары, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але трэба дакладна даць сігнал: хто хоча — прыязджайце. Калі камусьці трэба афіцыйны статус, мы яго запросім. Не трэба бегчы наперадзе воза і прасіць: „прыязджайце да нас на выбары, паглядзіце на нашы выбары”. Але нікому ўезд забараняць не будзем. Хочаш паглядзець на Беларусь, выбарчы працэс — прыязджай і глядзі. Пастулат адзін: нікому не забараняем”.