Акруговая камісія папярэдзіла праўладнага кандыдата
Упершыню за час выбарчай кампаніі акруговая камісія абвесціла папярэджанне праўладнаму кандыдату.
Заўвагі Васілю Задняпранаму дамогся кандыдат ад партыі БНФ Ілля Дабратвор. Дэмакратычны кандыдат заўважыў, што Задняпраны распаўсюджвае інфармацыйныя матэрыялы без выходных звестак. «За падобнае парушэнне кандыдата маглі зняць з выбараў,» – гаворыць Ілля Дабратвор.
— У прынцыпе, ў гісторыі, наколькі я памятаю, не было такога, што дзяржаўнаму кандыдату выносілі папярэджанне. І я лічу, што гэта тое, чаго мы дамагліся, што гэта таксама зрух у наш бок. Калі нават праўладны кандыдат пачынае гуляць не па правілах, камісія ўсё ж вымушана рэагаваць.
«Гэта быў добры сігнал ўсім праўладным кандыдатам, што трэба гуляць па правілах,» — дадаў кандыдат. Дабратвор разам з Васілём Задняпраным і казацкім атаманам Мікалаем Улаховічам балатуюцца па Сеніцкай акрузе Менскага раёна. Выбары ў Палату Прадстаўнікоў адбудуцца ў нядзелю 11-га верасня.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя