Акцыі салідарнасці ў цэнтры Менска працягваліся больш за шэсць гадзін



Больш за шэсць гадзін працягваліся 18 чэрвеня ў цэнтры Менска акцыі салідарнасці з грамадзянамі, затрыманымі і арыштаванымі падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду Віктара Бабарыкі.

З 18 да 21 гадзіны ў рамках збору подпісаў за лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі Вольгі Кавальковай (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”), Мікалая Казлова (в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі) і Юрася Губарэвіча (старшыня руху „За Свабоду”) быў арганізаваны пікет. Ахвотныя падпісацца за альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку прэтэндэнтаў сталі ад Кастрычніцкай плошчы да пляцоўкі перад Белдзяржфілармоніяй, дзе стаялі сталы членаў ініцыятыўных груп.

У 21 гадзіну Кавалькова абвясціла пра завяршэнне мерапрыемства, аднак людзі не разыходзіліся і пачалі самастойна станавіцца ў жывыя ланцугі ўздоўж праспекта Незалежнасці: спачатку да будынка КДБ, затым да плошчы Незалежнасці і далей да вуліц Бабруйскай, Мяснікова, Няміга (да перасячэння з Гарадскім валам). Іх віталі сігналамі аўтамабілісты, а таксама кіроўцы гарадскога і камунальнага транспарту.

Карэспандэнт БелаПАН стаў сведкам вылучэння ў цэнтр горада з Уручча аўтазакаў, аднак масавых затрыманняў не было. Пакуль вядома пра затрыманне двух чалавек (аднаго з іх — на выхадзе з крамы „Суседзі” каля Палаца мастацтва).

belapan.by