Акцыя #FreeSavchenko ў дзень народзінаў Надзеі Саўчанкі
11 траўня актывісты ў многіх краінах свету арганізуюць захады з нагоды дня нараджэння ўкраінскай лётчыцы, дэпутата Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанкі. 34-ы дзень нараджэння Надзеі будзе адначасова і 329-м днём пазбаўлення яе волі.
Удзельнікі акцыі #FreeSavchenko ў цэнтры Кіева будуць патрабаваць вызваліць як саму Саўчанку, так і іншых украінскіх палітычных зняволеных у Расеі.
«11 траўня а 12:00 збіраемся ля помніка Кію, Шчэку і Харыву на Майдане з белымі паветранымі шарыкамі. На шарыках маркерамі напішам #FreeSavchenko і іншыя патрабаванні адносна ўкраінскіх палітвязняў у Расеі», — паведамляюць арганізатары акцыі на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле іх слоў, заклік да такога флэшмобу ўжо распаўсюджаны і сярод украінцаў замежжа.
Адвакат Надзеі Саўчанкі Марк Фейгін спадзяецца, што акцыя ў падтрымку яго падабароннай адбудзецца і ў Маскве.
У Расеі Саўчанку абвінавачваюць у датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў на ўсходзе Украіны і незаконным перасячэнні мяжы. Яна ўсе абвінавачваньні абвяргае.
Фота telegraf.com.ua