Акцыя салідарнасці з палітзняволеным Яўгенам Васьковічам
У Менску праходзіць акцыя салідарнасці з палітзняволеным Яўгенам Васьковічам, а таксама іншымі палітвязнямі. Мерапрыемства прымеркавана да 25-годдзя Васьковіча. Яго арганізавалі актывісты прафсаюза Радэёэлектроннай прамысловасці (РЭП), а таксама іншых грамадскіх ініцыятываў.
Па словах кіраўніка менскіх прафсаюзаў РЭП Ігара Комліка, вельмі важна праявіць салідарнасць з людзьмі, якія апынуліся ў няволі і ізаляцыі.
– Акцыя падтрымкі палітвязняў вельмі важная, таму нашыя чальцы прафсаюза вырашылі прыняць у ёй удзел, як грамадзяне неабыякавыя да лёсу людзей, якія знаходзяцца ў няволі па надуманых прычынах, і таму сабраліся ў нашым офісе, падпісалі паштоўкі і адправім іх.
Ігар Комлік
Лісты і паштоўкі будуць накіраваны ў Магілёўскую калонію №15, дзе зараз адбывае пакаранне Яўген Васьковіч. Свой 25-ты дзень нараджэння ён адсвяткуе 26 лютага. У няволі Васьковіч знаходзіцца ўжо больш 4-х гадоў. А прыгавораны ён да 7 гадоў зняволення за ўдзел у акцыі пратэсту каля будынку бабруйскага КДБ, падчас якой у бок будынку была кінута бутэлька з „кактэйлем Молатава”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя