Акцыя салідарнасці на менскіх праспектах (абноўлена)



Сілавікі масава затрымліваюць веласіпедыстаў у Менску. Гэта адбылося пасля таго, як яны арганізавалі групавыя паездкі па горадзе — такая акцыя за свабодныя выбары і супраць Аляксандра Лукашэнкі.

* * *

Сёння ў 19.00 на на менскіх праспектах аўтамабілісты пачалі флэшмоб.

Роўна а 19.00 кіроўцы пачалі апускаць шкло машын, уключаць гучна песню «Пераменаў» і падымаць рукі з белымі бранзалетамі.

Такім чынам яны выказваюць салідарнасць з гукарэжысёрамі Уладзіславам Сакалоўскім і Кірылам Галанавым, якія а 19.00 на дзяржаўным свяце ўключылі песню «Пераменаў» і паднялі рукі з белымі бранзалетамі. Нагадаем, сёння іх асудзілі на 10 сутак кожнага.

У некаторыя машыны сабралася па чацвёра-пяцёра чалавек, і ўсе рукі ўздымаюць.

Плошчу Перамогі вырашылі перакрыць.

На пераходзе ля «Вячэрняга Мінска» збіраюцца людзі і вітаюць паднятымі рукамі аўтамабілістаў.

Тыя, каго не пускаюць на праспект да Вечнага агню, едуць сігналіць па Казлова.

Паралельна з аўтамабілістамі, на прабег уздоўж праспекта выехалі веласіпедысты, іх некалькі дзясяткаў.

Уздоўж праспекта ходзіць пара з каляскай, у якой партатыўная калонка схавана. З калонкі гучыць «Перамен».

Каля Плошчы Перамогі высадзіліся ўнутраныя войскі.

Ехала калона ў бок Перамогі, там запаркаваўся аўтазак, выйшлі ўнутраныя войскі, раварысты павярнулі назад і паехалі ў бок Машэрава.

nn.by