Акцыя “Стоп-імперыі”
„Малады Фронт” распачаў грамадcкую кампанію пад назвай “Стоп-імперыі”. Як паведаміў сустаршыня гэтай моладзевай арганізацыі, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, мэта кампаніі-ачысціць вуліцы беларускіх гарадоў ад нахабнай прапаганды “георгіеўскіх стужак” і расейскіх сцягоў.
Незважаючы на палітычную падаплёку ініцыятары кампаніі спасылаюцца проста на дзейсныя законы.
– Па правілах дарожнага руху завешваць лабавое шкло забаронена, бо гэта перашкаджае агляду праезджай часткі для кіроўцы. Гэткім чынам у нас ёсць канкрэтныя юрыдычныя рычагі і механізмы для таго, каб ачысціць вуліцы нашых гарадоў ад гэтай шавіністычнай агітацыі Расейскай Федэрацыі.
З прычыны невялікіх магчымасцяў „Малады Фронт” хоча засяродзіць сваю кампанію “Стоп-імперыі” найперш на аўтамабілях і грамадскім транспарце. Маладафронтаўцы заклікаюць усіх неабыякавых людзей фатаграфаваць і адасылаць нумары аўтамабіляў з недазволенай сімболікай на адмысловую старонку у Фэйсбуку, альбо проста паведамляць аб правапарушэнні у ДАІ.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
