Акцыя-сустрэча з вядомымі блогерамі ў цэнтры Менска (абноўлена)
У Менску на плошчы Свабоды падчас шматлюднай сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з выбаршчыкамі, у якой удзельнічалі і вядомыя блогеры, адбыліся сутычкі і затрыманні.
Актывісты грамадскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” паспрабавалі арганізаваць паказ фільму блогера Nexta пад назвай „Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”, які нядаўна з’явіўся ў інтэрнэт-прасторы. Менавіта на заклік гэтага блогера людзі сабраліся на плошчы Свабоды. Паказ планавалася весці наўпрост на белую сцяну Ратушы, выкарыстоўваючы яе як экран. Аднак супрацоўнікі АМАПу ў цывільнім накінуліся на арганізатараў перформансу. Валілі на зямлю, ушчэнт разбілі апаратуру. Быў затрыманы актывіст Андрэй Шарэнда.
– Не біце чалавека! Што вы робіце?! Ганьба! Ганьба!
Андрэя Шарэнду зацягнулі ў будынак Ратушы. Аднак пасля перамоваў з кіраўнікамі АМАПУ і настойлівых патрабаванняў сабраўшыхся, хвілін праз 15 яго вызвалілі. Каардынатар „Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель вітаў актывіста:
– Мы вітаем Андрэя Шарэнду! Я дам слова Андрэю, і ён сам распавядзе, за што яго затрымалі і як яго вызвалілі.
Андрэй Шарэнда: Дзякуй вялікі! Мяне затрымалі, калі мы спрабавалі трансляваць фільм на сцяну Ратушы. Мяне зацягнулі ў Ратушу. Але спужаліся, што зараз выб’юць дзверы, і вызвалілі мяне. Дзякуй за падтрымку! Жыве Беларусь!
Мітынг на плошчы Свабоды сабраў некалькі дзясяткаў чалавек. На ім выступілі кандыдаты ў дэпутаты, апазіцыйныя палітыкі і беларускія блогеры, якія вялі трансляцыю ў інтэрнет. Зварот блогера Nexta, які зараз знаходзіцца за мяжой, таксама быў прадэманстраваны ўдзельнікам акцыі.
Адзін з кіраўнікоў Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык, які ўваходзіць у каманду кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алены Талстой, нагадаў аб небяспецы, якая навісла над незалежнасцю краіны. Лозунг „Саюз з Расеяй – гэта вайна і галеча”, які гучыць на мітынгах ужо шмат гадоў, зараз некаму паказаўся распальваючым міжнацыянальную варожасць. За яго днямі было абвешчана папярэджанне Алене Талстой, — нагадвае палітык:
– Зараз у краіне нестабільная сітуацыя. Таму яна атрымала заўвагу ад акружной камісіі за лозунг: “Саюз з Расеяй – гэта вайна”. Гэты лозунг з 1996 года выносілі, і нікога асабліва гэта не чапала. А зараз яны чамусьці сталі мітусіцца ў іншы бок.
Алена Талстая падкрэсліла, што збіраецца і надалей выкарыстоўваць гэты лозунг-папярэджанне, які з’яўляецца галоўным падчас яе перадвыбарчай кампаніі:
– Кампанія праходзіць пад лозунгам: “Саюз з Расеяй – вайна і галеча”. Усе мерапрыемствы, якія праходзяць у межах выбарчай кампаніі, нацэленыя на тое, каб не адбылося паглынання Беларусі Расейскай Федэрацыяй.
Падчас перадвыбарчай кампаніі мы раблілі ўсё, каб пабярэдзіць пра небяспеку такога развіцця падзеяў, прадухіліць гэтую небяспеку, абудзіўшы грамадскую актыўнасць і свядомасць, – сказала Алена Талстая.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Журналісты Асацыяцыі тэлекампаній Германіі (ARD) вызваленыя, кіроўца тэлеканала ARD адпушчаны разам з тэхнікай толькі праз 2,5 гадзіны.
„Такім чынам супрацоўнікі міліцыі сарвалі працу нямецкіх журналістаў падчас акцыі. Гэта быў першы сур’ёзны інцыдэнт з затрыманнем журналістаў падчас сёлетняй выбарчай кампаніі, – адзначае БАЖ.
* * *
У цэнтры Менска, на плошчы Свабоды, прайшла акцыя-сустрэча з вядомымі блогерамі, на якую ўсіх запрасіў NEXTA.
Нагадаем, што не ўсе блогеры змаглі трапіць на сустрэчу.
На акцыі прысутнічалі назіральнікі за мірнымі сходамі #ControlBY.
Назіральнікі заўважылі 34 супрацоўніка праваахоўных органаў, апранутых у цывільнае. Тыя выбарачна правяралі рэчы грамадзян, якія знаходзіліся на акцыі.
На плошчы Свабоды таксама праходзіць пікет кандыдата Алены Талстой, якую падтрымлівае арганізацыя Еўрапейская Беларусь. Акрамя гэтага, стаяць пікеты і Сяргея Клішэвіча, кандыдата ад БРСМ, Таццяны Сайганавай ад “Белай Русі”, а таксама Аксаны Гайдук і Ігара Малатоўніка.
* * *
На плошчы адбылася патасоўка. Людзі крычаць, што супрацоўнікі міліцыі разбілі гукаўзмацняльнік. Людзі рвуцца да гарадской ратушы. Туды закінулі некалькі людзей. Іншыя імкнуцца туды прарвацца, але начальнік АМАПа Балаба нікога не пускае
Затрыманы Андрэй Шарэнда – за тое, што спрабаваў усталяваць праектар, каб паказаць фільм NEXTA на будынку ратушы. Праз некалькі хвілін яго адпусцілі
Людзі скандуцюць „Жыве Беларусь”, „Жыве”, „Мы выступаем за перемены”.
Назіральнікі налічылі каля 450 удзельнікаў сходу і каля 50 супрацоўнікаў у цывільным.
Удзельнікі акцыі падыходзяць да свабоднага мегафону.
З іншага боку плошчы гучыць моцная музыка. Прадстаўніцы і прадстаўнікі БРСМ рухаюцца пад песню „Мы будущее страны”.
Па стане на 18.30 назіральнікі налічваюць каля 500 чалавек.
Назіральнікі заўважаюць, што намеснік міністра МУС Аляксандр Барсукоў піхаў Зміцера Паліенку. Зміцер крычыць, што той стаў яму на нагу і што яго правакуюць на бойку.
Удзельнікі выступаюць праз мегафон. Сярод іншага гучыць прапанова запісвацца ў ПЦ „Вясна” і „Права выбару”, каб дапамагаць назіраць за выбарамі.
Назіральнікі паведамляюць, што затрымана нямецкая тэлевізійная журналісцкая група: Дэміян вон Остэн (Demian von Osten), Сяргей Сяргееў ды Аляксандр Салдатаў. Зараз яны снаходзяцца ў цэнтральным РАУС.
На акцыю прыйшло 550 чалавек (па стане на 19.00).