Актывіст БХД у знак пратэсту зняўся з выбараў у Менгарсавет
Прэс-сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Максім Гацак 9 лютага падаў заяву ў Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію Менска аб зняцці сваёй кандыдатуры з выбараў у знак пратэсту ў сувязі з дыскрэдытацыяй кампаніі незалежнага назірання „Права выбару” па дзяржаўных тэлеканалах.
Гацак быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Менгарсавета па Чыгуначнай выбарчай акрузе № 20.
„Сітуацыя, калі галоўным ворагам у дзяржаўных СМІ абвяшчаюцца незалежныя назіральнікі, ярка ілюструе тое, што ніякага празрыстага падліку галасоў на гэтых выбарах, як і на папярэдніх, не будзе. А значыць і падстаў давяраць афіцыйным вынікам галасавання няма”, — заявіў ён.
„Я лічу неабходным выказаць свой пратэст супраць дыскрэдытацыі незалежнага назірання. Грамадзян Беларусі я заклікаю далучацца да кампаніі назірання, каб на свае вочы ўбачыць, наколькі празрыста лічаць галасы ў Беларусі„, — падкрэсліў Гацак.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў БелаПАН, што 8 лютага на адным з тэлеканалаў беларускага тэлебачання прайшоў сюжэт, з якога можна зрабіць выснову аб „таемным праслухоўванні” адносна кампаніі назірання „Права выбару”, у якім згадвалася і сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.
У кампанію назірання „Права выбару — 2018” уваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя „Зялёныя”, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух „За Свабоду”, аргкамітэты па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама прафсаюз РЭП.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыю парушэнняў, але і на супрацьдзеянне ім. На мясцовых выбарах, якія пройдуць 18 лютага, кампанія плануе датэрміновае назіранне і назіранне ў асноўны дзень галасавання.
Плануецца, што будзе задзейнічана каля 700 назіральнікаў. БелаПАН