Паўлу Вінаградаву абвешчаны два прысуды – штраф і 15 сутак



Суд Маскоўскага раёну Менску працягнуў яшчэ на год прэвентыўны нагляд актывісту моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Паўлу Вінаградаву. Пасля суда яго павезлі ў турму на Акрэсціна. Рашэнне патлумачылі тым, што Вінаградаў меў парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду, у яго былі адміністрацыйныя арышты. Сёння ў гэтым жа судзе разглядаліся дзве адміністрацыйныя справы супраць актывіста. Па адной яго аштрафавалі, па другой — арыштавалі на 15 сутак. Вінаградаў пад наглядам знаходзіцца ўжо 2,5 гады.

* * *

Адміністрацыйная справа Паўла Вінаградава, актывіста моладзевага крыла кампаніі „Гавары праўду“ – «Zмена» разглядаецца сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Суд вядзе Вольга Лістраценка. Маладзёна вінавацяць у дробным хуліганстве, нібыта, калі ён прыйшоў у РУУС адзначацца, то лаяўся і брыдкасловіў у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі. Паведаміла праваабаронца Наста Лойка:

– Склалі пратакол за тое, што ён нібыта ў нецвярозым стане прыйшоў адзначацца, і яго прымусілі праверыць колькасць алкаголю. Экспертыза паказала „нуль”, але ў пратаколе напісалі 0,1. Затым міліцыянты ў пратаколе напісалі, што ён у аддзяленні лаяўся матам. І сёння зрабілі дакументы на працяг прэвентыўнага нагляду. Асобна адбудзецца грамадзянскі працэс, на якім будуць вырашаць пытанне пра працяг нагляду.

Прыгадаем, што 3-га кастрычніка Павел Вінаградаў быў аштрафаваны на восем базавых велічынь нібыта за знаходжанне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскім месцы. Павел сцвярджае, што ў міліцыі яму пагражалі лёсам зніклага журналіста Змітра Завадскага. 8-га кастрычніка яму настойліва прапаноўвалі з’ехаць з Менску – у Беразіно, іначай зноў пасадзяць на суткі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Як паведаміла жонка Паўла Вінаградава Святлана, раніцай ён пайшоў у інспекцыю Маскоўскага раёну Менска, каб на час саміту СНД пакінуць сталіцу і з’ехаць у Беразіно. З інспекцыі Павел ужо не вярнуўся.

Жонцы актывіста па тэлефоне паведамілі, што пакуль апазіцыянер знаходзіцца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Там абмяркоўваецца магчымасць паездкі ў Беразіно, ды вырашаецца пытанне аб працягу нагляду, – кажа Святлана Вінаградава:

– Ён пакуль што ў інспекцыі і інспектар сказаў, што яшчэ не прынятае рашэнне. У любым выпадку, у яго нагляд, таму да 20.00 ён павінен быць дома. Калі да гэтага часу яны яго не адпусцяць, то ўжо і не адпусцяць.

У пятніцу ў Менску пройдзе саміт кіраўнікоў краін СНД і Еўразійскага эканамічнага саюза. Напярэдадні такіх мерапрыемстваў Паўла Вінаградава звычайна затрымлівалі і адпраўлялі пад адміністрацыйны арышт.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя