Актывіст Зміцер Казакевіч абскарджвае сваё зняццё
Грамадскі актывіст Зміцер Казакевіч абскарджвае сваё зняццё з выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ён быў кандыдатам па 94 Свіслацкай акрузе Менску.
Але пасля свайго затрымання 3 лістапада пасля шэсця і мітынгу на Дзень памяці продкаў „Дзяды”, ён літаральна праз 2 дні быў зняты з выбараў.
Разам з ім каля рэстарану „Поедем поедим”, што побач з мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах было затрымана яшчэ 5 актывістаў:
– 3-га лістапада нас брутальна затрымалі ў Курапатах, па дарозе ад Курапатаў да Бараўлянскага РАУС да нас ужывалі гвалт. Пасля на ўсіх хлопцаў, у тым ліку і на мяне склалі пратакол па артыкулу 17.1 і 23.4, гэта дробнае хуліганства і непадпарадкаванне. На наступны дзень мне патэлефанавалі з выбарчай камісіі і выклікалі на размову. 5-га лістапада мяне знялі з перадвыбарчай гонкі. Рашэнне выбарчай камісіі я буду абскарджваць, скарга ўжо гатовая.
Таксама Зміцер Казакевіч і іншыя актывісты будуць звяртацца ў следчыя органы ў сувязі з дзеяннямі тых людзей, якія іх затрымлівалі актывістаў. Па словах Казакевіча, ён пасля вызвалення прайшоў медычны агляд, на якім выяўлены і зафіксаваны цялесныя пашкоджанні.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск