Актывіста Ільлю Дабратвора асудзілі на 20 сутак арышту (абноўлена)
Суддзя Ленінскага раёну Менска Міхаіл Хома асудзіў палітычнага актывіста Іллю Дабратвора на дваццаць сутак арышту, прызнаўшы вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Яго затрымалі каля суду Цэнтральнага раёну, дзе пачаўся палітычны працэс над гомельскім актывістам Юрыем Рубцовым. Ілля Дабратвор прыйшоў у майцы з надпісам супраць палітычных рэпрэсіяў. Але абвінавацілі яго зусім у іншым, кажа прадстаўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Наста Лойка:
– Адбыўся зусім кепскі прэтэндэнт, падобная сітуацыя была нядаўна і з Паўлам Вінаградавым. Ім, акрамя звычайных ужо класічных пратаколаў па дробным хуліганстве або непадпарадкаванню супрацоўнікам міліцыі, спрабуюць дадаць знаходжанне ў нецвярозым стане, або распіццё алкагольных напоеў. Гэта небяспечна, таму што зараз, як ведаем, вельмі простая працэдура патраплення ў ЛТП, баюся, што гэта можа выглядаць як нейкая падрыхтоўка да таго, каб актывістаў заслаць менавіта ў ЛТП.
Аднак абароне Іллі Дапратвора ўдалося даказаць неабгрунтаванасць гэтага абвінавачання. Тым не менш, па астатніх двух артыкулах суддзя прызнаў яго вінаватым. Такім чынам, Ілля Дабартвор стаў чацвёртым актывістам, які апошнім часам патрапіў у менскі цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Зараз там ужо знаходзяцца Павел Вінаградаў, Віталь Васількоў і Ягор Віняцкі. Паводле Насты Лойкі, праваабаронцы ўсе гэтыя затрыманні расцэньваюць як адвольныя і беспадстаўныя.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Ільлю Дабратвора асудзілі ў Ленінскім судзе Менску на 20 сутак арышту. Ільлю Дабратвора прызналі вінаватым у брыдкаслоўі і непадпарадкаваньні міліцыі. Актывіст сваёй віны не прызнаў.
Ільля Дабратвор быў затрыманы 16 верасня, перад пачаткам суду над актывістам Юрыем Рубцовым, Паводле міліцыянтаў, якія сведчылі супраць Ільлі Дабратвора, яны пачулі ад актывіста лаянку і прапанавалі яму прайсці з імі, але ён адмовіўся.
Ілля Дабратвор сцвярджаў у судзе, што ён не супраціўляўся і не брыдкасловіў, а чакаў у дворыку суду пачатку працэсу над Юрыем Рубцовым.
Ільлю Дабратвора пакаралі дзесяцьцю суткамі арышту за брыдкаслоўе і дзесяццю суткамі – за непадпарадкаванне міліцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org