Актывістка з Бельгіі: Падзеі апошніх тыдняў узнялі беларускую актыўнасць
Наколькі шмат людзей зараз прымае ўдзел у салідарных дзеяннях у Брусэлі, што ў Бельгіі? Якія тэмы становяцца нагодай для сустрэч? Што думаюць мясцовыя палітыкі і насельніцтва адносна сітуацыі са свабодай слова і пасадкай самалёта ў Беларусі?
Адказы на такія пытанні ў гутарцы з Алісай Поль дала наша сённяшняя Госць Рацыі беларуска Марына Леваценка:
РР: Наколькі актыўна выходзяць беларусы зараз у вашай краіне на акцыі салідарнасці? У якой колькасці сёння прадстаўлена ваша дыяспара? І што гэта за мерапрыемствы?
Марына Леваценка: Падзеі апошніх тыдняў узнялі беларускую актыўнасць не толькі ў нашай дыяспары, мне здаецца, паўсюль. Менавіта я за апошні тыдзень правяла чатыры акцыі. Гэта была акцыя каля амбасады, другая была, калі праходзіў саміт, трэцяя – сустрэча з Ціханоўскай і вось чацвёртая, маштабная акцыя, падтрымкі беларускага народа.
РР: На вашу думку, што зараз абудзіла беларусаў па-за межамі сваёй краіны? Гэта менавіта здарэнне з самалётам? Ці надыход цяпла і адмена вірусных абмежаванняў?
Марына Леваценка: Мне падаецца, гэта ўсё як снежны камяк. Яно ўсё пайшло такім накатам. Першае, што нас страсянула моцна – гэта закрыццё тутбая. Другое – смерць Вітольда. Трэцяе – гэта ўжо захоп самалёта. І таму стрымаць сябе, сядзець дома, не ўдзельнічаць у гэтым працэсе, – немагчыма.
Цалкам размова:
Марына Леваценка звярнула ўвагу, што ў Брусэлі на акцыі салідарнасці звычайна прыходзіць па некалькі дзясяткаў чалавек. Але ў летні перыяд у залежнасці ад нагоды можа быць і больш.
Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя