Актывістку аштрафавалі за заяву пра фальсіфікацыю выбараў



4 лістапада суддзя Акцябрскага раённага суду Уладзімір Васілеўскі аштрафаваў на 2 мільёны 700 тысяч рублёў лідара «Маладых дэмакратаў» Аб’яднанай грамадзянскай партыі, назіральнацу на выбарах Алену Луцковіч — за правядзенне несанкцыянаванага адзіночнага пікету з плакатам «У мяне ёсць доказы, што выбары сфальшаваны!»

2

«Вельмі сумна, на самай справе. Сваім пікетам я спрабавала прыцягнуць увагу да фальшавання выбараў. Адбылося злачынства, і я спрабавала дамагчыся расследавання гэтага злачынства, праверкі на гэты конт, каб вінаватых пакаралі. Замест гэтага пакаралі мяне, зрабілі нейкага злачынцу ці злосную хуліганку, якая парушае грамадзкі парадак. Пятнаццаць базавых — гэта вялікі штраф для мяне. Сумна ад таго, як працуюць нашы органы ўнутраных спраў, якая ў нас у краіне судовая сістэма. Сумна ад таго, як адрэагавала пракуратура на маю заяву пра фальшаванне. Надзея, вядома, памірае апошняй, і яна яшчэ ў мяне застаецца. Я чакаю адказу ад Следчага камітэту, куды я звярталася з заявай пра фальшаванне вынікаў выбараў», — сказала адразу пасля суду Алена Луцковіч.

30 кастрычніка Луцковіч выйшла на тэрыторыю мясцовага рынку з плакатам «У мяне ёсць доказы, што выбары сфальшаваны!» Гэта адбылося пасля таго, як з пракуратуры ёй прыйшла адмова на скаргу пра неадпаведнасць вынікаў выбараў. У актывісткі ёсць доказы фальшавання, з якімі яна і грамадзкі актывіст Андрэй Павук звярталіся ў пракуратуры ўсіх узроўняў — ад раённай да генэральнай. Але пракуратуру доказы парушэння закону не зацікавілі. І раённая, і генпракуратура адпісаліся, што прайшлі тэрміны абскарджвання вынікаў выбараў, таму «звароты пакінуты без разгляду па сутнасці».

Міліцыя затрымала былую назіральніцу. Начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў РАУС Уладзімер Гапоненка склаў супраць актывісткі адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет, на падставе якога былую назіральніцу і пакаралі буйным штрафам, піша Радыё Свабода.