Актывісты АГП сабралі ў Гомелі першыя подпісы
У Гомелі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі сабралі першыя подпісы за вылучэнне ў кандыдаты на прэзідэнцкія выбары Анатоля Лябедзькі. Сябры ініцыятыўнай групы дэмакратычнага прэтэндэнта выставілі тры пікеты ў шматлюдных месцах.
Да пікету каля ўнівермагу „Цэнтральны” падыходзяць цікаўныя грамадзяне, якія ўважліва разглядаюць фотаздымкі Анатоля Лябедзькі і чытаюць ягоную біяграфію:
– Малады чалавек можа быць прэзідэнтам. Чаму б і не? У нас кожны можа быць – адукаваны чалавек ды не адзін і той жа.
– Я сам буду выбіраць зыходзячы з праграмы канкрэтна па пунктах, каб гэта не было непраўдападобнае так скажам, усё было больш-менш рэалістычнае.
– Мне падаецца, што зноў выберуць Лукашэнку, бо пенсіянеры ў нас у асноўным, а ім плацяць добрую пенсію. Яны зноў мне падаецца яго выберуць. Ужо, напрыклад, мая маці не хоча галасаваць за Лукашэнку, ёй не падабаецца, што ўсё становіцца платным, за ўсё трэба плаціць.
Паводле намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, у першы дзень збору подпісаў актывізаваліся таксама актывісты „Белай Русі”:
– У падтрымку Аляксандра Лукашэнкі – гэта каля гандлёвага дому „Рэчыцкі”, там стаіць белага колеру намёт, сцяг. Таксама побач ідзе выступленне мастацкіх гімнастак – гэта маленькія дзяўчынкі, яны беларускі, але я не ведаю, ці ўваходзяць яны ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі. Добра і тое, раней Лукашэнка ўвогуле не выстаўляў пікетаў – у 2010 толькі пачаў выстаўляць.
На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць: удзельнікі выбараў 2010-га году Віктар Цярэшчанка, Сяргей Гайдукевіч і Аляксандр Лукашэнка, казацкі атаман Мікалай Улаховіч, лекар Жанна Раманоўская, прадстаўнік кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, лідар АГП Анатоль Лябедзька і кіраўнік партыі Справядлівы Свет „Сяргей Калякін”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель