Актывісты апазіцыі наведалі магілы дзеячаў адраджэння



У Беларусі адзначаюць угодкі прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Па ініцыятыве Руху салідарнасці «Разам» на Усходніх і Кальварыйскіх могілках Менска прадстаўнікі беларускай грамадскасці ўсклалі кветкі да помнікаў славутым беларускім дзеячам.

«У гэты дзень неабходна ўзгадаць усіх тых, хто так ці інакш прычыніўся да справы аднаўлення незалежнасці Беларусі», кажа заснавальнік Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:

Справа ў тым, што сёння Дзень Незалежнасці, які абсалютна незаконна адмяніў Аляксандр Лукашэнка. На жаль, частка нашага насельніцтва, нават апазіцыі, пра гэта забыліся. Ад гэтага Дзень Незалежнасці адменены быць не можа, і мы сёння хочам ушанаваць памяць беларускіх дзеячаў, бо незалежнасць любому народу дастаецца вельмі цяжка, і беларускі народ не выключэнне. Дзеля таго, каб мы былі незалежнай краінай, і, напрыклад, нашы людзі масава не гінулі ў тых войнах, якія зараз па ўсім свеце, людзі і працавалі, і жылі, і гінулі.

Алесь Станкевіч, сябра БЗВ, сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада:

Мы лічым, што гэта – страчаны Дзень Незалежнасці, і тое, што мы прыйшлі сюды, гэта даніна павагі тым людзям, якія гэтую незалежнасць здабывалі: можа разам з намі, нехта можа не даспеў да таго часу, але цяпер іх няма. І мая думка, што мы прыйшлі сюды збольшага, каб павінаваціцца перад імі, стаць перад імі на калені, і прасіць прабачэння за тое, што таго, што яны не здолелі зрабіць, і мы да гэтай пары не зрабілі. Іх ужо колькі гадоў няма, а мы ўсё блукаем па пакутах і не тое, што не маем таго, што было пры іх, але і страцілі тое, што было. І вось, можа гэта дасць нам нейкі штуршок, можа аб’яднае нас на далейшыя дзеянні. А так, вядома, адзначаць свята незалежнасці на могілках — не найлепшы ўчынак. Быў час, калі мы хадзілі па праспекце, і гэта ведалі ўсе і віталі. Але ж час мінае і зрабілася так, што кажуць, што мы такія людзі, якія з двух зол абіраюць трэцяе, вось мы і абралі тое трэцяе і маем, што маем.

Славамір Адамовіч, паэт:

Гэты дзень варта памятаць, прынамсі культурна, эліце народа, ён мае абавязкова быць адзначаны ў школьнай праграме, у вышэйшых навучальных установах. Але я хацеў бы адзначыць, што ўсё ж для мяне галоўная дата — 25 сакавіка, якая дала адлік у ХХ стагоддзі існаванню сучаснай, мадэрнай нацыі, якая яшчэ ў стане стварэння, але тым не менш. А 27-е гэта безумоўна знак, калі ў спрыяльных умовах мы змаглі выкарыстаць і аднавіць, ці працягнуць, тую ідэю, якую запачаткавалі ў 1918 годзе нашы папярэднікі. Таму лагічна, што гэты дзень трэба памятаць.

Лявон Баршчэўскі, былы дэпутат Вярхоўнага савета ХІІ склікання:

Гэты дзень — другі этап узнаўлення нашай незалежнасці пасля 25 сакавіка 1918 года. Пасля Трэцяй устаўной граматы, такі дакумент, які абвяшчаў намер Беларусі стаць незалежнай дзяржавай, у 1990 годзе быў прыняты ўпершыню. Гэта безумоўна гістарычная дата. Тыя ж латышы адзначаюць дзень прыняцця такой дэкларацыі як асноўнае дзяржаўнае свята. І, мяркую, мы таксама павінны да гэтага вярнуцца. Пэўным чынам склалася традыцыя, што ў гэты летні дзень можна ўшанаваць памяць людзей, якія так ці інакш звязаныя з аднаўленнем нашай незалежнасці, ці спрыялі ёй, і паколькі ўжо прайшоў той час, калі ў гэты дзень ладзіліся шматтысячныя дэманстрацыі, то гэта адзін з такіх фарматаў, які прымальны менавіта для гэта пары года.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года. А ўжо праз год, пасля правалу путчу, 25 жніўня 1991 года гэтаму дакументу быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя