Актывісты БХД патрабуюць абмежаваць хлусню пра падзеі ва Украіне



Міністэрства інфармацыі Беларусі не збіраецца правяраць расейскія тэлеканалы на прадмет парушэння Крымінальнага кодэксу. Такую выснову можна зрабіць з адказу намесніка міністра Сяргея Хільмана на калектыўны зварот грамадзян, які атрымала намесніца каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Менску Галіна Каржанеўская.

Па словах адказнага сакратар БХД Дзяніса Садоўскага, на іншы адказ яны і не спадзяваліся.

– Безумоўна, мы выступаем за тое, каб абмежаваць тую хлусню, якая льецца з расейскіх тэлеканалаў і падае аднабока і фальсіфікавана інфармацыю пра падзеі ва Украіне. З гэтай прычыны намі быў пачаты збор подпісаў. Гэта была спроба паказаць грамадству, што шмат людзей у Беларусі не вераць гэтай хлусні і выступаюць супраць такой прапаганды, якая  раздзяляе народы.

„Кантроль пераліку распаўсюджваемых тэлеканалаў, прыцягненне да адказнасці парушальнікаў здзяйсняецца ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў адказе. Нагадаем, актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, абураныя „неаб’ектыўным асвятленнем драматычных падзей ва Украіне тэлевізійнымі каналамі „Россия-1”, „Россия-24”, „RussiaToday” і іншымі расейскімі тэлеканаламі, якія трансліруюцца ў нашай краіне, распачалі збор подпісаў з мэтай спыніць вяшчанне найбольш заангажаваных.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vesti.ru