Актывісты патрабуюць вызвалення арыштаваных за беларускія графіці
Вызвалення маладых людзей, якім пагражае крымінальная адказнасць за графіці “Беларусь мае быць беларускай” патрабуюць прадстаўнікі беларускіх моладзевых арганізацый “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты”, “Маладая Беларусь”, “Маладыя Дэмакраты” ды “Альтэрнатыва”.
Адпаведную заяву падпісалі Артур Фінкевіч, Алёна Луцковіч і Алег Корбан. Марына Хоміч ад МХД таксама падпісала заяву і абураная бясчынствам уладаў.
– Мы лічым непрымальным тое, што маладых людзей у нашай краіне збіваюць, кідаюць у турмы і ўсё гэта адбываецца на нашых вачах з нашай маўклівай згоды. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў творацца абсалютна непрымальныя рэчы.
“Графіці і стрыт-арт сення вельмі распаўсюджаныя ў Беларусі, але мы не бачым массавых затрыманняў, акрамя гэтага. Інцыдэнт з маладымі хлопцамі паказвае, што ўладам патрэбныя новыя палітзняволеныя напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі”, – адзначаюць моладзевыя лідары.
Яны заклікаюць усіх грамадзянаў Беларусі не быць абыякавымі да агульнай праблемы і падтрымаць маладых людзей – Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, Яраслава Ульяненкава і грамадзяніна Расеі Паўла, якім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама моладзевыя актывісты звяртаюцца да усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі з просьбай патрабаваць вызвалення маладых людзей.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя