Алег Агееў: БАЖ патрабуе неадкладнага вызвалення журналістаў
Беларускай асацыяцыі журналістаў вярнулі сейф і пячатку, разблакавалі рахунак. Гэта адбылося пасля чарговага допыту кіраўніка арганізацыі Андрэя Бастунца ў Следчым камітэце ў якасці сведкі. БАЖ аднавіў працу ў поўным аб’еме і рыхтуецца да з’езду. Пра гэта ў нашым эфіры расказаў намеснік старшыні арганізацыі, юрыст Алег Агееў.
Вяртанне гэтых рэчаў не значыць, што прыпыніўся пераслед арганізацыі, кажа ён:
– Па-ранейшаму кампутары, смартфоны, шэраг дакументаў нам яшчэ не вернутыя. Таму гэтая праблема, якая зараз ёсць перад нашай арганізацыяй, не вырашана. І па-ранейшаму мы знаходзімся пад ціскам і перад пагрозай пераследу.
РР: Праца журналістаў надалей адбываецца ў складаных умовах. Пра гэта, напрыклад, сведчыць і затрыманне журналіста Дзяніса Івашына. Які каментар на гэты конт у БАЖ і які ваш погляд на гэту сітуацыю?
Алег Агееў: Мы лічым, што затрыманне Івашына звязана з яго прафесійнай дзейнасцю. Гэта ўжо 11-ты супрацоўнік медыя, які знаходзіцца за кратамі. Мы патрабуем вызвалення ўсіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі за выкананне сваіх правоў па рэалізацыі свабоды выказвання, свабоды распаўсюду інфармацыі, за выкананне прафесійных абавязкаў журналіста. І патрабуем ад уладаў іх неадкладнага вызвалення.
Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца 16 сакавіка чарговы раз дапыталі ў якасці сведкі ў цэнтральным апараце Следчага камітэту, паведамляе тэлеграм-канал арганізацыі. Пасля допыту БАЖ вярнулі сейф са статутам і пячаткай. Напярэдадні, 15 сакавіка, знялі арышт з банкаўскага рахунку асацыяцыі. 12 сакавіка Следчы камітэт разблакаваў офіс БАЖ па вуліцы Кальварыйскай, які быў апячатаны з 16 лютага, калі там прайшоў ператрус.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БАЖ