Алег Агееў: Улады мэтанакіравана спрабуюць здушыць незалежныя СМІ



Канец мінулага года і першая палова бягучага — найцяжэйшы перыяд за ўсю гісторыю медыясектара Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 13 ліпеня.

„Тое, як развіваюцца падзеі, сведчыць аб тым, што ўлады Беларусі мэтанакіравана спрабуюць здушыць і заглушыць голас незалежных медыя. Чарговая хваля, якая накрыла беларускі медыясектар, прайшла па рэгіёнах і Менску ў канцы мінулага тыдня”, — адзначыў ён. 8 і 9 ліпеня ў розных рэгіёнах Беларусі было праведзена 38 вобшукаў у рэдакцыях незалежных СМІ і ў дамах журналістаў, затрыманыя сем чалавек, з якіх чацвёра застаюцца пад вартай (гэта супрацоўнікі „Нашай Нівы”). Усяго вобшукі закранулі як мінімум 10 рэдакцый незалежных медыя. З пачатку года зафіксавана 107 вобшукаў і 87 затрыманняў прадстаўнікоў СМІ. Вядома пра шэсць фактаў прымянення гвалту ў дачыненні да журналістаў і нападу на іх пры выкананні прафесійных абавязкаў. 21 раз журналісты зазнавалі адміністрацыйныя арышты, 38 разоў ім прызначаліся штрафы на агульную суму большую за 46 тыс. рублёў. Зараз у Беларусі за кратамі застаюцца 29 прадстаўнікоў медыя і журналістаў, двое асуджаныя і адбываюць пакаранне паводле выраку  – гэта журналісткі „Белсату” Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, асуджаныя на два гады пазбаўлення волі.

Тым не менш, як адзначыў Агееў, «у такой сітуацыі беларускія журналісты недзяржаўных медыя праяўляюць прафесіяналізм і самаадданасць. Практычна ўсе рэдакцыі ў большай ступені захоўваюць кантэнт і працягваюць выходзіць.

Беларускае Радыё Рацыя