Алег Барадзін: У Ізраілі пад абстрэламі нашмат бяспечней, чым у ціхім лукашысцкім раі
20 дзён таму Хамас напаў на Ізраіль. Як змянілася жыццё за гэты час у краіне? І якія чаканні грамадства Ізраіля адносна вырашэння канфлікту? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае жыхар Ізраіля і былы беларускі палітзняволены Алег Барадзін у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: У якой частцы Ізраіля Вы жывяце і наколькі гэта блізка да сектара Газа?
Алег Барадзін: Я жыву на поўдні Ізраіля, 20 кіламетраў ад сектара Газа. Гэта горад Кір’ят-Гат.
РР: 7-га кастрычніка – дзе Вы былі ў гэты момант, ці чакалі нападу?
Алег Барадзін: Пачалася вайна. Раніцай я прачнуўся ад крыку жонкі: ”Алег, сірэна!”. І хто ў чым – дзеці ў піжамах, я спрасонку ў шортах – пабеглі ў вялікае грамадскае бамбасховішча каля хаты.
РР: Наколькі хутка з сектара Газа далятаюць ракеты да вашага горада?
Алег Барадзін: Да самога горада за 37 секунд, але да месца, дзе мы жывем, за 34 секунды. Але за першую хвалю мы не ўладкаваліся, дабеглі за 80 секунд да бамбасховішча, але ўсё ж такі своечасова, бо Ізраіль пачаў збіваць гэтыя ракеты наўпрост над нашай часткай горада, і пасыпаліся аскепкі на бамбасховішча.
РР: Вы з’ехалі з Беларусі з палітычных прычын. І ў Ізраілі пачалася вайна. Ці не ўзнікла думка паехаць далей?
Алег Барадзін: Асабіста я нават не думаю пра магчымасць пераезду. Максімум можа перасяляцца ў цэнтральныя раёны Ізраіля і то больш для таго, каб нейкім чынам уладкаваць якасць жыцця. Там развітая інфраструктура і бліжэй да працы. Жонка поўная сумненняў у плане бяспекі, і не выключаю варыянту пераезду да сваякоў у іншыя краіны. Але гэта дакладна не Беларусь, бо ў Ізраілі пад абстрэламі адчуваеш сябе нашмат бяспечней, чым у нашым ціхім лукашысцкім раі.
РР: 20 дзён ідзе вайна. Наколькі ведаю, у дактрыне Ізраіля прапісана хуткая вайна.
Алег Барадзін: Так. Ізраіль не мае магчымасці фізічна, як ва Украіне, весці доўгачасовую бойку. Невялікая тэрыторыя. Калі нават месяц ці два Ізраіль будзе весці вайну, то ўся эканоміка Ізраіля стане. Таму тут іншыя задачы. У першую чаргу трэба нанесці максімальны ўрон фізічны, матэрыяльны, каб на значны час засцерагчы сябе ад небяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя