Алег Гайдукевіч абураны маўчаннем чыноўнікаў на тэму Курапатаў



 Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч 17 чэрвеня распаўсюдзіў каментар, у якім выказаў абурэнне маўчаннем чыноўнікаў па тэме Курапатаў.

„Дрэнна, калі няма выразнай, зразумелай большасці пазіцыі! Няма рашэння, хоць нават прэзідэнт вясной досыць ясна выказаўся на гэтую тэму! Чыноўнікі маўчаць і чакаюць, што за іх будуць разграбаць усе праблемы. Таму зноў крайнія — міліцыя, спецслужбы, вымушаныя расходаваць сілы і сродкі, штодня працуючы ля Курапатаў! А што будзе, калі ў краіне будзе сапраўдны канфлікт, палітычны крызіс, сапраўды важныя падзеі! Адкажу: спецслужбы будуць працаваць, а чыноўнікі схаваюцца па кабінетах, завешаюць шторы і ў страху будуць чакаць, што ж далей! Так было у 1991-м, так было ў 1996-м„, — напісаў Гайдукевіч-малодшы.

На яго думку, тое, што адбываецца ва ўрочышчы, павінны „разграбаць тыя ж, хто выдзяляў зямлю, а не МУС, тыя ж, хто 20 гадоў не можа, нарэшце, забраць у часткі апазіцыі манаполію на Курапаты”.

І яшчэ ўжо сапраўды не трэба рабіць крайнімі бізнесменаў. Калі мы жывем у прававой краіне, то бізнес не павінен баяцца ўкладаць інвестыцыі, і гэтае пытанне таксама трэба вырашаць вам, спадары чыноўнікі! Хопіць спаць, пенсія для многіх яшчэ не хутка, а калі будзеце працягваць так працаваць, то тыя, хто цяпер „кусаецца” на ўездзе ў рэстаран, папросту вас яе пазбавяць„, — заявіў прадстаўнік ЛДП.

Курапаты належаць не частцы апазіцыі, а ўсёй краіне! — падкрэсліў ён. — Нам патрэбен мемарыял, які згуртаваў бы ўсіх, а не маленькую частку краіны, не палітызаваны мемарыял, мы не хочам каяцца і адмаўляцца ад сваёй гісторыі, мы хочам ганарыцца ёй, прызнаючы ў ёй і трагічныя старонкі. Патрэбен мемарыял смутку, а не палітычны сімвал нейкіх палітычных сіл, на могілках недапушчальная палітыка і палітыкі, як недапушчальныя там і танцы!

З 31 мая ля ўрочышча праходзяць акцыі супраць адкрыцця рэстараннага комплексу „Паедзем паядзім”.

17 чэрвеня актывісты перагарадзілі ўезд у рэстаран чырвона-белай стужкай і стылізаваным пад бел-чырвона-белы сцяг самаробным дарожным знакам „Уезд забаронены” („цагліна”). На тратуарную плітку нанесены надпіс Stop kabak.   БелаПАН