Алег Гайдукевіч: Сваім адзіным канкурэнтам бачу толькі Лукашэнку
„Сваім адзіным канкурэнтам бачу толькі дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку”, – сказаў журналістам старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч пасля падачы ў Цэнтрвыбаркам дакумантаў для рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты:
– Я не бачу пакуль нічога сур’ёзнага. Я нічога пакуль не разумею, хто можа яшчэ скласці канкурэнцыю. Калі браць тых, хто вылучыўся, то гэта тры катэгорыі. Нехта прачнуўся за два дні да канца рэгістрацыі і раптам вырашыў ісці на выбары, не маючы ні каманды, ні людзей, толькі маючы фінансы. Гэтага мала. А хто за табой стаіць? Якая ў цябе ідэалогія? Якія палітычныя сілы? Нехта пазбавіўся пасады тры гады таму, не было не бачна, не чутна, раптам вырашыў удзельнічаць у выбарах. Інтэрв’ю не дае. Хто за табой стаіць – не зразумела. Што гэта такое? А астатнія саскочылі, таму што пандэмія.
Такім чынам, не называючы прозвішчаў, Алег Гайдукевіч выказаўся аб самавылучэнцах, былым кіраўніку “Белаграпрамбанку” Віктару Бабарыку і стваральніку і былым кіраўніку Парку высокіх тэхналогіяў Валерыю Цапкалу, а таксама аб прадстаўніках правацэнтрысцкай кааліцыі, якія з-за пандэміі каронавірусу адмовіліся ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск