Алег Гулак: Адміністрацыйныя арышты – заганная практыка



Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавёў пра тое, чаму ўзмацніўся ціск на асобных лідараў апазіцыі.

Апошнім часам праз адміністрацыйныя арышты ўзмацніўся ціск на найбольш актыўных лідараў апазіцыі. На “суткі”, быццам па канвееру, адпраўляюцца то Павел Севярынец, то Мікалай Статкевіч, то Уладзімір Някляеў… Пры гэтым на такія “дробныя рэпрэсіі” Захад асабліва і не звяртае ўвагу.

Алег Гулак: Увогуле, рэпрэсіі ў нашай краіне былі ўвесь час, але чаканні былі такія, што краіна ўсё-такі рухаецца ў дэмакратычным накірунку і зменіць свае падыходы ў “дыялогу” з апанентамі. На жаль, чаканні аказаліся завышаныя.

РР: Раней за акцыі давалі штрафы, а зараз адпраўляюць пераважна на “суткі”…

Алег Гулак: Складваецца ўражанне, што ўлады пастаянна вядуць нейкі пошук, якім чынам уплываць на пратэстны працэс і на найбольш актыўных апанентаў. Апошніх перш за ўсё і адпраўляюць у Цэнтр утрымання правапарушальнікаў на Акрэсціна на “перавыхаванне”. Менавіта ім увесь час і даюць “суткі”.

РР: Захад да гэтага ставіцца спакойна? Альбо на правы чалавека ўжо ніхто не звяртае ўвагу?

Алег Гулак: Я думаю, што ўвага звяртаецца, і факты фіксуюцца. Яны адназначна не дадаюць станоўчага іміджа ў стасунках беларускіх уладаў з Еўропай, але, безумоўна, ёсць розніца паміж крымінальнымі справамі і адміністрацыйнымі. Зараз актыўна дыскутуецца пытанне пра статус палітвязняў, і мы адзначаем, што тыя палітыкі, якія адпраўляюцца на “суткі” па адміністрацыных артыкулах, таксама трапляюць пад крытэр палітычных зняволеных. Іншая справа, што, калі чалавек атрымлівае, скажам, 10 сутак арышту, то няма сэнсу патрабаваць яго вызвалення, бо тэрмін зняволення досыць невялікі. Але на саму гэтую заганную практыку неабходна звяртаць увагу. Адміністрацыйныя арышты – гэта таксама празмерна жорсткае пакаранне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя