Алег Гулак: Празрыстасць павінна быць паўсюль



Старшыня “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” Алег Гулак пракаментаваў акрэдытацыю іх прадстаўніка пры Цэнтрвыбаркаме.

oleg_gulak

Па інфармацыі ЦВК, пры Цэнтрвыбаркаме на гэты момант акрэдытаваны чатыры назіральнікі.

У прыватнасці, прысутнічаць на пасяджэннях ЦВК маюць права прадстаўнікі “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” Дзмітрый Чарных, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Эдуард Нарышкін і РГА “Белая Русь” Сяргей Пігараў і прадстаўнік партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Еўдакімчык.

Алег Гулак: Наш прадстаўнік і раней акрэдытоўваўся пры ЦВК, таму нічога незвычайнага не адбылося. Але назіральнік займаецца выключна назіраннем, гэта не ўдзел у працы Цэнтрвыбаркама. Акрэдытацыя пры ЦВК – магчымасць проста нешта фіксаваць, мы бачым толькі прыняцце рашэнняў. Але не бачым, як яны рыхтуюцца. Хоць, безумоўна, акрэдытацыя – станоўчы факт. Трэба выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія закон прадастаўляе. І з назіраннем пры ЦВК праблем ніколі не бывае — усё карэктна.

РР: Адным словам, самая вялікая праблема – назіранне ва ўчастковых камісіях?

Алег Гулак: Галоўная праблема – бачыць кухню, як на самай справе рыхтуюцца рашэнні. Да таго ж, на пасяджэннях Цэнтрвыбаркама звычайна не бывае ніякіх дыскусій, яны здараюцца на этапе падрыхтоўкі рашэнняў. І вось гэта ад назіральнікаў закрыта. Мы ж не прысутнічаем на тых сходах, дзе даюцца ўказанні ніжэйшым выбарчым камісіям. Такім чынам для назіральнакаў многае застаецца па-за кадрам. ЦВК толькі задае тон, падводзіць вынікі, а галасы лічаць у іншых месцах. А празрыстасць павінна быць паўсюль.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя