Алег Гулак: Трэба змяняць правілы датэрміновага галасавання



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак выказаў сваё стаўленне да датэрміновага галасавання ў Беларусі.

12 лютага ў краіне пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў, якое працягнецца да 16 лістапада.

Незалежныя назіральнікі адзначалі і адзначаюць, што гэты этап выбарчай кампаніі – адзін з спосабаў фальсіфікацыі выбараў.

Алег Гулак: Няма падстаў чакаць, што гэтым разам зменіцца практыка правядзення датэрміновага галасавання, хаця праваабаронцы даўно ўжо кажуць, што такая практыка найбольш хібная, чым галасаванне ў асноўны дзень правядзення выбараў. Больш хібная ў плане захавання тайны галасавання, надзейнасці захавання бюлетэняў… Акрамя таго, ёсць пытанні і па свабодзе выбару чалавека, па свабодзе ўдзелу або няўдзелу ў выбарчым працэсе. Пры працэдуры датэрміновага галасавання ўсё вышэйзгаданае становіцца пад пагрозай, а таму мы і заклікаем змяняць правілы пры датэрміновым галасаванні. Тут павінны быць пэўныя абмежаванні.

РР: Падчас мінулых парламенцкіх выбараў датэрмінова прагаласавалі каля 31 адсоткаў выбарцаў. Гэта шмат?

Алег Гулак: На асобных участках, дзе знаходзяцца інтэрнаты, лічба наогул даходзіла да 70-80 адсоткаў. А ці лічыць вялікай лічбай 30 адсоткаў тых, хто прагаласаваў датэрмінова? Усё адносна. Напрыклад, у Швецыі выбарцы таксама галасуюць датэрмінова, але там у грамадства і ўлады няма прэтэнзіяў да палітычных канкурэнтаў і да самой працэдуры галасавання.

Калі існуе культура правядзення выбараў, якая ўсіх задавальняе, то і да датэрміновага галасавання няма ні ў каго пытанняў. Галоўнае – не набор фармальных працэдур, а наколькі гэтыя працэдуры забяспечваюць прынцыпы сапраўдных выбараў. Калі ж няма даверу да гэтай працэдуры, то яе варта змяняць. Але, наколькі я зразумеў, улады не збіраюцца адмаўляцца ад гэтай заганнай практыкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя