Алег Гулак: У “справе Бандарэнкі” ёсць палітычны падтэкст
Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак прагназуе, чым можа скончыцца “справа Андрэя Бандарэнкі”.
Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Як паведамляе spring96.org, бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая пачата супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт. 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.
РР: Праваабаронцы заяўляць, што Бандарэнка можа быць прызнаны палітвязнем, калі яму “накінуць” новы тэрмін зняволення. Тут насамрэч маецца палітычны складнік?
Алег Гулак: Найперш трэба пры разглядзе гэтай справы ўлічваць тое, чым займаўся Бандарэнка да таго, як патрапіць за краты. Ён быў кіраўніком праваабарончай структуры, якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. Таму тое, што адбываецца з ім зараз, з вялікай доляй верагоднасці можа быць рэакцыяй сілавой сістэмы. Не выключана, што ўлады вырашылі такім чынам адпомсціць яму за мінулую дзейнасць, а значыцца ў такім выпадку палітычны падтэкст, безумоўна, прысутнічае.
РР: Некаторыя лічаць, што той самы артыкул 411, па якім вінавацяць Бандарэнку, у прынцыпе, павінен быць адменены.
Алег Гулак: І я таксама падтрымліваю гэта. Бо як павінна быць? Суд прызначыў чалавеку тэрмін пакарання, той, як кажуць, “нясе свой крыж”. Калі да яго няма ніякіх прэтэнзій, асуджаны выходзіць на волю ўмоўна-датэрмінова. Калі прэтэнзіі з’яўляюцца, чалавек сядзіць увесь тэрмін. Але навошта за нейкія парушэнні (калі яны наогул маюцца) дадаваць яшчэ 2 гады зняволення па новай крымінальнай справе? Хоць, па сутнасці, чалавек ніякага злачынства не здзяйсняў. Атрымліваецца, што гэты артыкул – інструмент для маніпуляцый у руках адміністрацый папраўчых устаноў. Там жа не так складана вынесці папярэджанні за нейкія дробныя парушэнні, а значыцца завесці крымінальную справу. Ведаю, што ў многіх краінах такой нормы проста няма. Таму ў гэтым выпадку прымяненне “дубінкі” да Андрэя Бандарэкі мы звязваем з яго былой дзейнасцю. І ён насамрэч можа быць прызнаны палітвязнем.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя