Алег Краўчанка: Я не думаю, што яны застануцца



У пытаннях бяспекі супрацоўніцтва Беларусі і ЗША не павінна залежаць ад часовых палітычных рознагалоссяў, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, выступаючы 9 траўня на канферэнцыі па Беларусі, арганізаванай у Вашынгтоне Атлантычным саветам.

Запіс выступу апублікаваны на сайце atlanticcouncil.org.

Краўчанка адзначыў, што 10 мая ў яго запланаваныя шэраг сустрэч у Белым доме і Дзярждэпартаменце ЗША. „Правы чалавека і дэмакратыя — асноўны элемент нашых адносін, адзін з самых значных элементаў усяго дыялогу, які мы вядзем з Дзярждэпартаментам. Але ў той жа час не адзіны”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі па глабальных і рэгіянальных пытаннях з’яўляецца „краевугольным каменем” беларуска-амерыканскіх адносін. У прыватнасці, нагадаў Краўчанка, Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, якая засталася ў краіне пасля распаду СССР. „Гэта быў наш ўнёсак у глабальную бяспеку”, — дадаў ён.

Намеснік кіраўніка беларускага МЗС адзначыў, што ЗША мелі магчымасць дастаўляць цераз Беларусь ваенныя грузы ў Афганістан, калі ў гэтым была неабходнасць. „Калі Амерыцы патрэбная была дапамога, мы аказалі яе. І мы ніколі не спрабавалі таргавацца па гэтым пытанні. Мы нават публічна пра гэта не гаварылі”, — сказаў Краўчанка. Паводле яго слоў, першы такі груз быў прапушчаны цераз Беларусь праз месяц пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

„І гэта індыкатар нашай пазіцыі — калі справа тычыцца стратэгічных пытанняў або пытанняў бяспекі, наша супрацоўніцтва не павінна залежаць ад часовых палітычных рознагалоссяў”, — заявіў Краўчанка.

У якасці яшчэ аднаго станоўчага прыкладу прадстаўнік МЗС Беларусі прывёў супрацоўніцтва беларускіх і амерыканскіх праваахоўных органаў.

Адносіны Беларусі і Расеі Краўчанка параўнаў з адносінамі Канады і ЗША. Ён бараніў меркаванне, што шырокія эканамічныя сувязі з Расеяй непазбежныя і выгадныя для Беларусі.

На пытанне, ці няма небяспекі таго, што расейскія войскі застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў „Захад-2017”, адказ намесніка міністра быў такі: „Я не думаю, што яны застануцца. Гэта руцінныя, перыядычныя вучэнні, такія былі і раней”.

belapan.by