Алег Латышонак: Пра якую незалежнасць краіны мы гаворым?



“Калі вызвалілі Менск 3 ліпеня, то звыш паловы краіны знаходзілася яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Пра якую незалежнасць краіны тады гаворым?” – ставіць пытанне прафесар універсітэта ў Беластоку і старшыня Беларускага гістарычнага таварыства  Алег Латышонак:

– Усе ведаюць, што ніякіх гістарычных падстаў святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня няма. Менск тады быў вызвалены, а палова Беларусі заставалася пад нямецкай акупацыяй. Пры тым гэта ніяк не вяжацца з нейкімі актамі аб незалежнасці Беларусі. Я лічу, што гэта, апрача свята абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка, павінна быць свята 25 жніўня, калі ў 1991 годзе была абвешчана незалежнасць. Гэта так відавочна, так ясна, што дзіву даешся, што гэта не ёсць самае вялікае свята ў Беларусі.

25 жніўня 1991-га Вярхоўны Савет Беларусі  надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона.

Рашэнне пра святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня было прынята на рэферэндуме 1996-га. Да таго часу ён адзначаўся 27 ліпеня — у гэты дзень у 1990-м Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя