Алег Манаеў выклікае дзяржаўных сацыёлагаў на рыцарскі турнір
Так заснавальнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў адрэагаваў на хвалю крытыкі з боку дзяржаўных сацыёлагаў. А распачалася яна пасля публікацыі апошняга даследавання, якое паказала, што толькі 27 % беларусаў падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку.
«Раней нашы дадзеныя выкарыстоўваліся, — узгадвае заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў, якога дзяржаўная крытыка не здзівіла.
Ён узгадвае, што калі любыя даследаванні былі выгоднымі ўладзе, і не важна па якіх пытаннях, адносіны да самой улады альбо апазіцыі, альбо нейкія эканамічныя ці сацыяльныя пытанні, дык гэтыя дадзеныя выкарыстоўваліся дастаткова шырока: іх друкавалі ў прэсе, на іх спасылаліся:
— Калі ж яны былі невыгодныя, дык улады альбо адмоўчваліся альбо крытыкавалі нас, наўпрост ці ўскосна. Так здарылася і апошнім разам, калі з крытыкай выступілі прадстаўнікі афіцыйнай сацыялогіі. Гэта я пра матэрыялы БЕЛТА і таксама яго хутка перадрукавала газета «Савецкая Беларусія». А вось сам Аляксандр Лукашэнка неаднойчы цытаваў НІСЭПД, але ў асноўным, вядома, казаў пра нас у негатыўным кантэксце.
Больш таго, дадае сацыёлаг, улады заўсёды выкарыстоўвалі рэпрэсіі:
— Я ўжо не кажу пра дыскрэдытацыю ў сродках масавай інфармацыі: мы былі і агентамі Захаду, і ЦРУ альбо Масаду. Кім заўгодна. І рэпрэсіі былі вельмі канкрэтныя: слежка, начныя вобшукі КДБ у офісе, допыты і ў выніку судовая справа ў Вярхоўным судзе. Іх было некалькі, тады нас зліквідавалі.
На сайце дзяржаўнага агенства БЕЛТА надрукавалі заявы дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксея Дэрбіна, які сказаў, што вынікі можна «на каленцы намаляваць, толькі яны не будуць мець нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй», а дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў нават узгадаў пра адказнасць за такога кшталту даследаванні.
— А гэта ўжо скрыты заклік да рэпрэсіяў – звяртае ўвагу Алег Манаеў. Калі нехта парушае, значыць яго трэба пакараць. Як бы да нас не ставіцца, есць просты факт – усе вынікі нашых даследаванняў, усе каментары і інфармацыя, усе гэта аддаецца беларускаму грамадству. Амаль ужо 20 гадоў дзейнічае наш сайт і там можна знайсці ўсю інфармацыю. Усё там ёсць.
Яшчэ адзін з важных крытэрыяў гуманітарнай навукі, як і сродкаў масавай інфармацыі – гэта цытаванасць. Наколькі на тваю працу звяртаюць увагу. І гэты аргумент у карысць сваёй працы агучвае Алег Манаеў, паводле якога можна на сайты, канферэнцыі і так далей выдаткаваць мільёны, але водгуку на гэтую працу не будзе.
— Я толькі прапаную лічбы паводле аднаго паказальніка – цытаванасці. Напрыклад, у 92 годзе, (НІСЭПД створаны ў пачатку лютага 92 года – РР), на нашы працы было толькі 25 спасылак, а ў мінулым, 2015 годзе іх ужо 3200. За ўсе 24 гады — 12 тысяч такіх спасылак, геаграфія якіх вельмі шырокая: ад Аўстраліі да ЗША. Мяркуйце самі, калі спасылкі за мінулы год раздзяліць на колькасць дзён, дык выйдзе, што на нас спасылаліся штодня па 9 разоў. Гэта канешне не раўнамерна, але такія лічбы.
У сувязі з гэтым заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў выклікае дзяржаўных сацыёлагаў на своеасаблівы рыцарскі турнір, альбо як ён гэта называе «сацыялістычнае спаборніцтва»:
— Крытыкі, у тым ліку вось гэтыя высокапасадовыя «сацыёлагі», але хутчэй чыноўнікі, кажуць, што НІСЭПД ніхто не ведае, мы нікому не патрэбныя. Я праз вашае радыё выклікаю іх на «сацыялістычнае спаборніцтва», альбо на рыцарскі турнір. На нашым сайце падрабязна распісана, як праходзяць гэтыя апытанні, якая сетка, метадалогія, больш таго, а гэта не ўсе робяць, прапісаныя 4-5 узроўні кантролю якасці, мы робім паралельныя тэлефанаванні, выкарыстоўваем матэматычныя метады, каб забяспечыць якасць даследавання. Усё гэта ўжо 10 гадоў знаходзіцца на нашым сайце. Для ўсіх даступна.
Маё пытанне: «Дарагія таварышы», калі так можна, канешне, сказаць альбо «калегі», пакажыце вы, дзе вашы такія ж вынікі, што даступныя свету і грамадскасці. Пры тым, што дзейнасць НІСЭПД за ўсю сваю гісторыю не каштавала дзяржаве ні капейкі, (не ўлічваючы выдаткі на рэпрэсіі, якія ўлада да нас прымяняла — там выдаткі, канешне, былі буйныя. Гэтыя «таварышы-сацыёлагі» і з адміністрацыі прэзідэнта і з акадэміі навук і іншыя, хто выказвае такога кшталту афіцыйныя каментары, каштавалі будзь здароў для дзяржавы, для беларускага бюджэту, а ў выніку – і для кожнага хто плаціць падаткі.
Пакажыце гэтыя вынікі. Пакажыце сваю працу. Пакажыце тыя лічбы, што паказвае штогод НІСЭПД: тысячы публікацый за год і многае іншае. І тады пабачым, хто сапраўды фантом у беларускай дзяржаве і грамадстве, а хто сапраўды працуе.
Вынікі, якія зачапілі
Ці ўлады прыслухоўваюцца і аналізуюць вынікі незалежных сацыялагічных даследаванняў. Відавочна так – гучаць адказ ад Алега Манаева і палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага:
— Іх б′ьюць, але ж не дабіваюць, — кажа пра незалежных сацыёлагаў Аляксандр Класкоўскі. Як быццам глядзяць на іх скрозь пальцы, каб яны хоць і напаўлегальна маглі працаваць, ладзіць свае апытанні.
Паводле палітолага, уладзе таксама трэба ведаць, што пра іх сапраўды думаюць, каб адчуваць «тэмпературу» у грамадстве.
«А яшчэ Аляксандр Лукашэнка — папуліст. Ён прыйшоў на хвалі менавіта дэмагогіі, як народны абаронца і яму вельмі важнае меркаванне народа», —падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.
«Больш таго – дадае Алег Манаеў, — вось гэты апошні інцыдэнт. Звярніце ўвагу, як толькі апытанне надрукавалі, не прайшло і сутак, на сайце БЕЛТА з’явіліся выказванні гэтых двух высокапасадовых чыноўнікаў-сацыёлагаў, імгненна гэта перадрукавала «Саветская Беларусія». І больш таго, факт, які мяне вельмі здзівіў і з такім я ніколі не сутыкаўся – гэтыя тэксты перадрукавала большасць сайтаў райвыканкамаў. Так дзіўна глядзець на герб, якога-небудзь Савецкага раёна, ніжэй — аб’явы пра прыём грамадзянаў старшынямі райвыканкамаў і тут гэты матэрыял з БЕЛТЫ. Вядомая справа, хто гэта мог арганізаваць і што такая аператыўная рэакцыя сведчыць, што ўлады звярнулі ўвагу на гэтыя даследаванні і занепакоіліся.
І паводле Алега Манаева, такая рэакцыя ўладаў сведчыць толькі пра тое, што незалежныя сацыёлагі занатавалі сапраўдны настрой грамадства.
Улад Грынеўскі, Месца для прэсы
Фота: bymedia.net