Алег Трусаў: Горш і так ужо не будзе…



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў пракаментаваў прызначэнне камуніста і былога намесніка старшыні Менгарвыканкама Ігара Карпенку па пасаду міністра адукацыі.

Алег Трусаў

У сваіх каментарыях на інтэрнэт-форумах многія людзі абураюцца такім прызначэннем і робяць песімістычныя прагнозы:

На адукацыі ў Беларусі можна ставіць крыж…;

— Гэта той, які за падаткі беларусаў адкрываў помнік Леніну?

— Бывай беларуская мова!..

Алег Трусаў: Я хачу сказаць, што з гэтым прызначэннем горш і так ужо не будзе, таму што ўсё, што можна было знішчыць, ужо знішчылі папярэднікі. Магчыма, нават стане крышачку лепш.

РР: Як вам увогуле асоба камуніста Карпенкі на пасадзе міністра адукацыі?

Алег Трусаў: Будзем лічыць, што ў мяне ёсць дробны аптымізм, улічваючы, што Лукашэнка ў сваіх выказваннях казаў пра беларускую мову. Бо тое, што рабіў былы міністр Жураўкоў – гэта ні ў якія вароты не лезла. А Карпенку, напэўна, далі нейкі загад, які той будзе выконваць. Паглядзім, што будзе…

РР: Чаму вам не падабалася праца былога міністра?

Алег Трусаў: Чалавек быў нейкі бесхарактарны. Папярэднія міністры хоць казалі, што перавядуць на мову выкладанне гісторыі Беларусі і трохі перавялі, а пры Жураўкове нават планёркі праходзілі, наколькі мне вядома, на расейскай мове. Ніякага прагрэсу… Ён не паказаў сябе станоўча з боку гледжання Беларушчыны.

РР: Думаеце, Карпенка будзе праводзіць планёркі на беларускай мове?

Алег Трусаў: У гэтага ёсць два шляхі: альбо ўсё пакінуць так, як ёсць, альбо нешта змяніць у лепшы бок. У горшы, паўтаруся, змяніць немагчыма. Ніжэй чым ёсць – не зробіш. І нават, калі захочаш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя