Алег Трусаў: Хай маладзейшыя бяруць уладу!



Неўзабаве выйдзе новая кніга вядомага гісторыка ды археолага Алега Трусава “Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стагоддзяў”. Таксама пачалася “перазагрузка” новымі ідэямі і планамі працы Таварыства беларускай мовы, старшынёй якога ён з’яўляецца 17 год, у тым ліку ў сувязі з абраннем яго намесніцы Алены Анісім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Алег Трусаў

Алег Трусаў: Спачатку пра кнігу, якую пісаў 2 гады. Браў для яе нават ілюстрацыі ўласных раскопак. Там адмыслова беларускае гледжанне на тагачасную еўрапейскую гісторыю. Акурат тады з невядомых нікому славян у цэнтры Еўропы стварыліся беларускі народ і магутнае ды велізарнае Вялікае Княства Літоўскае. Між іншым, рэдактарам манаграфіі выступіў вядомы і ўсяядны Лявон Баршчэўскі. Таксама ў якасці дарадцы мая намесніца па Таварыству беларускай мовы, цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

РР: Ці шмат будзе малавядомых і зусім невядомых фактаў?

Алег Трусаў: Думаю, цікава будзе даведацца як стваралася Маскоўская дзяржава, калі насамрэч яна стала Расеяй. І пра тыя княствы, што былі рэальнымі канкурэнтамі Масквы – цяперашняя Масква стараецца пра іх не прыгадваць. Выкарыстаў і канцэпцыю, цытаты навукоўцаў, якія лічаць, што мы ніякія не “браты” з расейцамі. Бо апошнія ёсць прадстаўнікі еўразійскай цывілізацыі, а беларусы ўсходнееўрапейскай. Параўнаў на стварэнне ВКЛ погляды сучасны літоўскі і наш беларускі. Напісаў пра розніцу паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. Пра тое, як габрэі з’явіліся у Еўропе – паспрабуйце адшукаць у падручніках! Як Еўфрасінню Полацкую прымаў імператар Візантыі. Ці напрыклад – чатыры сыны Рагнеды апанавалі гіганцкія тэрыторыі. Адзін з іх, Ізяслаў, заснаваў Полацкую дынастыю. Другі, вядомы Яраслаў Мудры. Трэці стаў першым Валынскім князем. А чацвёрты, тмутараканскі Мсціслаў, быў першым князем, які Крымам валадарыў. Так што Крым такі наш! Мы нацыя еўрапейская, моцная, з каранямі.

0797b8f6a3efff9defa2bdc686cdeaf9b7be10dfbaa5e81108pimgpsh_fullsize_distr

РР: У чэрвені споўнілася 27 год ТБМ. Колькасць валанцёраў, што вас падтрымліваюць зараз па краіне вы ацэньваеце ў 6 тысяч асобаў. Як казалі ў савецкія часы, як думаеце пашырацца ў чарговай “пяцігодцы”? Калі за кропку адліку браць апошнія выбары, дзе прадстаўніца ТБМ набыла дэпутацкія паўнамоцтвы…

Алег Трусаў: Мы зараз выдаём дзве газеты, унікальны часопіс “Верасень”, выданне “З-пад Лідскіх муроў”. Увогуле, ТБМ пазіцыянуем як арганізацыю, што не цураецца амаль штодзённага кантакту з уладамі. І тая – любіць не любіць – але паважае. Асабіста быў запрошаны у дзве грамадскія рады – пры Макее і Саўміне. Пры тым, ашчадна захоўваем уласную Незалежнасць – да “кармушак” ніколі не датыкаліся, “хвастом” не круцім, у Маскву не ездзім, на Захадзе грошай не просім. Задача – прасоўваць нашу беларускую справу, пачынаючы з заканадаўства. Галоўныя звышзадачы зараз – прыняцце Закона аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы. Каб дзяржава на развіццё мовы давала хаця б такія сродкі, як напачатку 90-х.  А таксама стварэнне першага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта. З дапамогай Алены будзем патрабаваць, каб “палатка” працавала напачатку на двух дзяржаўных мовах, а не толькі на расейскай як зараз. Каб гэтак жа друкаваліся законы. Каб на культуру давалася з бюджэту не менш за 2 %. Бо не будзе гэтага – не патрэбныя ані лібералы, ані кансерватары!

РР: Якія яшчэ ініцыятывы будуць у сувязі са з’яўленнем “уласнага” дэпутата?

Алег Трусаў: Ужо ідуць! Мы з Аленай рэгулярна сустракаемся з замежнымі амбасадарамі. Дарэчы, на Захадзе ТБМ лічаць паспяховай палітычнай дэмакратычнай партыяй, што прайшла ў парламент – не разумеюць нашу ролю і статут. (смяецца)

РР: Дарэчы, пералічыце, вашы апошнія дасягненні. Зразумела, акрамя ўсім вядомых беларускамоўных абвестак на аўтатранспарце і на чыгунцы?

Алег Трусаў: Паводле нашых прапаноў, у Менску пастаўленыя помнікі Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу. Думаю, з дапамогай спадарыні Анісім даможамся, каб бел-чырвона-белы сцяг быў абвешчаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У наступным годзе юбілей, які варта адпаведна сустрэць – 100-годдзе нацыянальнага сцяга!

РР: Але няўжо Лукашэнка пойдзе на вяртанне Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга?

Алег Трусаў: Думаю, і не варта чакаць ад яго немагчымага. Даць ім адпаведны статус, каб за іх не рэпрэсіравалі носьбітаў. Памяняецца сітуацыя – урачыста здадзім ў музей “зялёныя” сімвалы і заменім нацыянальнымі. Была ж такая сітуацыя, да прыкладу, у Францыі. Галоўнае – мову захаваць!

РР: Вы ахарактарызавалі адносіны да мовы ва ўладзе ў трох іпастасях. Ёсць прыхільнікі нацыянальнай ідэі, беларушчыны. Ёсць адэпты “рускага свету”, што спяць і бачаць сябе ў складзе Расеі. І традыцыйная “дрыгва” – чакае як усё павернецца. Колькі ж з іх “нашых”?

Алег Трусаў: Мо 30-35 %. Гэта адчуваецца штодня. Дайце веры – атаман Улаховіч пры сустрэчы з Аленай ужо ў якасці дэпутата сказаў ёй, што “за мову”.

РР: Магу падтрымаць вашу тэзу пра рух да беларушчыны з “нізоў”. Быў у Калодзішчах на вуліцы Алеся Адамовіча, якую аднагалосна назвалі так на сваім сходзе прадпрымальнікі, што пабудавалі на ўласныя сродкі спальны раён з катэджаў. І ўлада не рашылася пярэчыць. Ці працягнеце змаганне за наданне імя Васіля Быкава адной з менскіх вуліц?

Алег Трусаў: Безумоўна! І іншых знакамітых грамадскіх і культурных дзеячаў.

РР: Не магу не запытацца пра забаўны факт. У часы заснавання ТБМ пасведчанне нумар адзін было выдадзена… Вячаславу Кебічу. Няўжо ён і зараз у вашых шэрагах?

Алег Трусаў: (смяецца) Не, быў выключаны. І яшчэ не пры мне. Мая мэта – захаваць і ўмацаваць, наколькі, магчыма, арганізацыю. Ну і потым хай маладзейшыя бяруць уладу!

Алег Трусаў упершыню абвясціў, што надалей больш не будзе балатавацца на пасаду старшыні ТБМ, а сыдзе на “вольныя навуковыя хлябы”. Маўляў, каб на практыцы даць дарогу маладым.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара