Алег Трусаў: Мы атрымалі незалежнасць, маючы вельмі кепскую палітычную сітуацыю



Наш карэспандэнт Якуб Сушынскі пацікавіўся ў Госця Рацыі, палітыка, грамадскага дзеяча, дэпутата Вярхоўнага савета ХІІ склікання Алега Трусава пра акалічнасці рэферэндуму і яго наступствы для краіны.

РР: Мы з вамі размаўляем у час, калі ў Беларусі згадваюць сумнавядомы рэферэндум 1995 года. Пасля якога беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а беларускія гістарычныя, нацыянальныя сімвалы таксама былі заменены. Чаму быў магчымы гэты рэванш у незалежнай краіне Беларусі?

Алег Трусаў: Нічога дзіўнага тут няма. Мы ведаем, што пасля любой рэвалюцыі  бывае контр-рэвалюцыя. А ў нас, я наогул дзіўлюся, што мы атрымалі незалежнасць, маючы вельмі кепскую палітычную сітуацыю ў краіне. Не забывайце, што вясной 1991 года ў Беларусі праводзілі рэферэндум па захаванні Савецкага Саюза. І там за незалежнасць прагаласавала крыху менш за мільён чалавек. А ўсяго было 7 мільёнаў. І гэта быў, па-мойму, сакавік 1991 года. А ўжо ў снежні сітуацыя памянялася на нашу карысць і мы прагаласавалі за незалежнасць Беларусі, прычым насельніцтва не выступала супраць. Ніякіх мітынгаў і дэманстрацый за захаванне Саюза ў нас не было. І дэпутаты, за выключэннем аднаго, спадара Ціхіні, усе прагаласавалі  за незалежнасць. Альбо некаторыя не ўдзельнічалі ў галасаванні, але супраць быў толькі адзін чалавек – гэта быў адзін з кіраўнікоў ЦК спадар Ціхіня. Таму контр-рэвалюцыя была проста непазбежная. Тым больш, што пасля таго, як адбыліся выбары прэзідэнта, а выбары прэзідэнта адбыліся дзякуючы Кебічу, бо большасць дэпутатаў спачатку была супраць прэзідэнцкай рэспублікі. Дарэчы, мы былі адзінай рэспублікай у Савецкім Саюзе, якая ў 90-ым годзе адмовілася ад прэзідэнта. Усе мелі прэзідэнтаў, яшчэ былі і Гарбачоў і Ельцын, а мы не мелі. І мы змагаліся аж да 1994 года, калі Кебіч са сваімі сябрамі незаконным шляхам „запіхнуў” у Канстытуцыю прэзідэнта. Вот адсюль і ўсе нашыя беды і пачаліся. З так званага прэзідэнцтва.

РР: Вы такімі малымі сіламі, дэпутаты Вярхоўнага Савета ХІІ склікання ад апазіцыі, спрабавалі адстаяць беларускую незалежнасць. Памятаю, вельмі цяжка было супыніць гэты маскоўскі вектар.

Алег Трусаў: Ну там упершыню маскоўскі вектар нам крыху дапамог. Дзякуючы Ельцыну. Бо Ельцыну трэба было зняць Гарбачова, для гэтага выйсці з Савецкага Саюза. То бок упершыню маскоўскі вектар сыграў на нашу карысць. І мы разам з украінцамі вельмі добра гэтым скарысталіся. Такое можа бывае раз у тысячу гадоў. Але мы гэты момант не прапусцілі, незалежнасць захавалі і, дарэчы, у мінулым годзе яе вельмі ўмацавалі. І цяпер я ўжо не баюся што ў бліжэйшыя гады мы яе страцім. Дзякуючы выхаду мільёнаў людзей на вуліцы гарадоў, увесь свет пабачыў, што беларусы незалежнасць не аддадуць.

Цалкам размова:

Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя