Алег Трусаў: Нацыянальнае і моўнае пытанні — палітычныя ажно з 16 ст.



Пазначыць беларускую мову роднай — надзвычай важны чыннік захавання Беларуссю незалежнасці. Гэта пытанне палітычнае, і не трэба таго баяцца.

А вопіс маёмасці грамадзян — не навацыя ад цяперашніх уладаў, гэта было яшчэ пры Боне Сфорцы, кажа гісторык Алег Трусаў:

– Нацыянальнае пытанне і моўнае – палітычныя ажно з 16 стагоддзя. Пачалося, калі стваралі Рэч Паспалітую. Ну, і першыя спробы зямельнага перапісу зрабіла Бона Сфорца, яна хоць памерала зямлю ў ВКЛ. Ніхто не ведаў, колькі той зямлі. Эканамічна – гэта тыя самыя кусты, яблыні, – яны пачынаюцца з сярэдзіны 16 стагоддзя.

Назваць беларускую мову роднай у цяперашнім перапісе, бадай, важней, чым калі-небудзь дагэтуль. Справа ў тым, што прарасейскія сілы не пакідаюць намаганняў падрыхтаваць аншлюс Беларусі. Менавіта таму было зменена вызначэнне роднай мовы як «мовы, засвоенай першай у дзяцінстве». Гэта абсалютна антынавуковае вызначэнне, заяўляе Алег Трусаў:

– Пытанне адсоткаў роднай мовы мае значэнне можа большае, чым за ўсе перапісы. Таму што прамаскоўскія элементы ўсё робяць, каб людзі нават фармальна адмовіліся ад усяго беларускага. Чаму прыдумалі гэтую “родную мову з дзяцінства”? Гэта навязанае спецыяльна прарасейскімі сіламі пытанне. У савецкіх перапісах яго не было. Там было проста – родная мова.  Я думаю, не без удзелу расейскіх спецслужбаў з’явілася гэтае пытанне, і адразу ўсе лічбы паплылі ўніз. 

РР: Гэтая фармулёўка хоць дзе-небудзь у іншых краінах ёсць?

Алег Трусаў: Ёсць такое пытанне для дзікіх народаў, непісьменных. Бо калі асноўная маса непісьменная, то і пытанне адпаведнае. І, дарэчы, гэтае пытанне ўратоўвае гэтыя плямёны. І дапамагае гэтыя меншасці захаваць. У нас жа гэтае пытанне забівае тытульную нацыю. Ну вось нядаўна, я думаю, не без удзелу спецслужб Расеі, прыдумалі літвінаў гэтых. А якая мова ў літвіна? Усё роўна беларуская! Таму пытанне: калі вы літвіны, то дзе ж ваша літвінская мова? А яе ніколі і не было. Таму што літвін – гэта палітонім. Як ніколі не было савецкай мовы. Савецкія людзі ёсць, а мовы савецкай – няма. 

Гэты момант Х зараз над намі вісіць. Я, канешне, спадзяюся, што ў нашага народу хопіць розуму захаваць хаця б тыя 53%. Бо па маіх падліках, калі б нармальныя былі ўмовы і не было б гэтай агалцелай прапаганды, 70% было б. Тым больш, што павага да мовы павялічваецца, асабліва сярод моладзі. Дзякуй Богу, прыхільнікаў „рускага свету” сярод моладзі можа 1 на 100. 

РР: Можна будзе цалкам давяраць усім статыстычным дадзеным? Проста можа паступіць загад змяніць адсоткі.

Алег Трусаў: Здаваць беларускую мову сённяшняй уладзе ў гэтай сітуацыі, калі аншлюс над ёй вісіць, невыгадна. Таму я не думаю, што будуць загадваць менш, чым 50%. Мінулы раз 150 тыс. чалавек, якія запісаліся палякамі, назвалі роднай мовай беларускую. 40 тыс. расейцаў запісалі, татары і іншыя. То бок, і 10 гадоў таму быў вялікі адсотак  небеларусаў па нацыянальнасці, якія напісалі роднай мовай беларускую. Я думаю, што гэты адсотак можа быць і большы. Тым больш, улічваючы пазіцыю Святланы Алексіевіч, рускамоўнае насельніцтва ёй вельмі давярае. Будзем спадзявацца на перамогу патрыётаў беларускіх, нягледзячы якой яны нацыянальнасці. 

Перапіс насельніцтва пачаўся 4 кастрычніка і будзе праходзіць увесь месяц да 30 кастрычніка. Перапісацца можна і праз інтэрнэт.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск